У цэнтры Масквы выбухнуў аўтамабіль з ветэранамі ФСБ
У цэнтры Масквы, у Старапіменаўскім завулку, адбыўся выбух аўтамабіля, у якім знаходзіліся ветэраны расійскіх спецслужбаў: 80-гадовы ветэран КДБ СССР і яго дачка, былая супрацоўніца ФСБ і ўладальніца машыны. Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал Mash.
Скрыншот з відэа
Жанчына паспела выцягнуць бацьку з аўтамабіля, які загарэўся, яшчэ да прыезду ратавальнікаў. Яна расказала, што ў чэрвені праводзіла тэхнічнае абслугоўванне машыны: заправіла кандыцыянер і паставіла новую сігналізацыю.
Паводле сведкаў, прагучала некалькі выбухаў. У выніку пажару пацярпелі яшчэ дзве машыны. Як паведамляе «Інтэрфакс» са спасылкай на МНС, агонь хутка ліквідавалі. Пра пацярпелых не паведамляецца.
У пачатку чэрвеня ў Маскве паведамлялася пра падазрэнне ў «мінаванні» трох аўтамабіляў у заходняй частцы горада. Тады спецыялісты не выявілі выбуховых прылад.
Чытайце таксама:
Выбух 4 мая ў Маскве адбыўся ў кватэры электрыка з пуцінскай рэзідэнцыі на Валдаі
Узарваны пад Масквой генерал Маскалік рыхтаваў для Пуціна матэрыялы пра вайну ва Украіне
Адбываецца дэтанацыя боепрыпасаў на складзе расійскай арміі ва Уладзімірскай вобласці