БЕЛ Ł РУС

У Віцебскай вобласці злавілі незвычайнага таўсталобіка-альбіноса

26.06.2025 / 18:13

Nashaniva.com

Незвычайнага таўсталобіка на Лукомльскім возеры ў Віцебскай вобласці ў мінулыя выхадныя здабыў падводны паляўнічы Уладзімір. Вага трафея склала 26 кілаграмаў, але галоўная асаблівасць не ў гэтым — суразмоўцу выдання «Анлайнер» трапіўся альбінос.

Фота героя матэрыялу

«Я ведаў, што на Лукомльскім возеры ёсць альбіносы, але мэтанакіравана гэтым разам паляваў на гібрыднага таўсталобіка. Але неяк так атрымалася. Штармавы вецер прыбіваў планктон у берагавую зону, і «таўсталоб» прыйшоў за ім.

Першы стрэл у нікуды: чарада разбрылася ў розныя бакі. Я вырашыў трохі памяняць тактыку — і тут праз каламутную ваду выходзіць рыба яркай афарбоўкі, якая нагадвае белага амура або сазана.

Доўга не думаючы, я стрэліў са стрэльбы. Шпулька на фрыкцыйнай пішчыць, яшчэ 5 хвілін барацьбы — і рыба на кукане. Падцягнуўшы яе бліжэй, я пазнаў таўсталобіка», — расказвае паляўнічы.

Фота героя матэрыялу

«Рыб-альбіносаў у свеце не так шмат, — працягвае ён. — Асабліва сярод таўсталобікаў. Нават на Волзе, якая славіцца «таўсталобамі», іх мала. Па гэтай прычыне такая рыба сярод рыбакоў і падводных паляўнічых лічыцца каштоўным і рэдкім трафеем».

Уладзімір расказвае, што займаецца падводным паляваннем ужо даўно. Раней ён здабываў таўсталобіка-альбіноса, але памерам той быў крыху меншы за цяперашні трафей.

Ён падкрэслівае, што паляваць на рыбу на Лукомльскім возеры няпроста, даецца гэты вадаём далёка не кожнаму «падводніку».

«Даводзілася вывучаць плынь, кірунак ветру, ціск тэмпературы вады. Адзін час я нават вёў дзённік: збіраў даныя па перамяшчэнні рыбы, каб разумець, як яна рухаецца. Але і ўсёй гэтай інфармацыі бывае недастаткова без сілы волі і зацятасці.

Бо знайсці і здабыць рыбу — гэта часам як подзвіг здзейсніць: даводзіцца ныраць на глыбіню да 10 метраў і праплываць па 4-6 кіламетраў. І гэта яшчэ не кажучы пра матэрыяльныя выдаткі, такія як паліва ды рыштунак, і асабісты час, час на адпачынак.

Былі палявання пустыя, калі нават рыбу не бачыў. Даводзілася за год намотваць тысячы кіламетраў, але я не здаваўся і ўсё роўна знаходзіў трафей, бо ўзнагарода за працу заўсёды прыходзіць».

Чытайце таксама:

Жанчына злавіла на Прыпяці гіганцкага таўсталобіка. Яго вага — каля 60 кг

Рыбак на Прыпяці выцягнуў таўсталобіка вагой за 25 кілаграм

Рыбак са Слоніма злавіў велізарнага таўсталобіка

Знойдзены самы ўдачлівы рыбак Беларусі: за гадзіну ён вылавіў у Мінску дзве 18-кілаграмовыя рыбіны

Каментары да артыкула