Пазняк: Выпускаюць толькі прарасійскіх людзей, а не беларускіх патрыётаў
Ветэран беларускага руху Зянон Пазняк выказаўся ў фэйсбуку пра вызваленне рэжымам Лукашэнкі падчас візіту ў Мінск прадстаўніка прэзідэнта ЗША Дональда Трампа 14-ці палітвязняў.
Фота Зянона Пазняка
На думку Зянона Пазняка,
«вызваленне палітвязняў — гэта не ад эканамічнага «ціску» Захаду. Гэта палітычная ініцыятыва Лукашэнкі, які хоча мець стасункі з Захадам, каб павялічыць сабе поле манеўру, свабоднае ад дыктату пуцінскага рэжыму».
Прытым ён акцэнтуе ўвагу на моманце, якога іншыя каментатары ўвогуле не заўважаюць:
«У гэтай сітуацыі (і ва ўсіх папярэдніх) звяртае на сябе ўвагу факт, што рэжымная ўлада вызваляе не прызнаных беларускіх палітыкаў, але толькі расейскіх і прарасейскіх людзей, каляпалітычных беларусаў і замежных асоб. Беларускіх нацыянальных палітыкаў і беларускіх патрыётаў не вызвалілі ніводнага. Так было і на гэты раз перад візітам Келага».
Зянон Пазняк дапускае, што
«і тут над Лукашэнкам вісіць ФСБ, якая зацікаўлена, каб першым чынам выпусцілі іхных маскоўскіх крэатур і ворагаў Беларусі. Калі б тое было не так, то ў першую чаргу (для патрэбнага ўражання, якое б ацанілі) Лукашэнка мог бы выпусціць, напрыклад, знакамітых беларускіх журналістаў і выдаўцоў Дзяніса Івашына і Паўла Мажэйку, ды вядомага патрыёта і пісьменніка Паўла Севярынца».
У той жа час
«Выпусканне прарасейшчыны наводзіць на пытанні. (Адна такая выпушчаная асоба [маецца на ўвазе выкладчыца Наталля Дуліна — НН] увогуле сказала, што лепш, каб ёй далі магчымасць дасядзець тэрмін да канца і застацца ў Беларусі, чым апынуцца за мяжой.)»
Тым не менш, Пазняк усё ж спадзяецца, што
«далейшыя стасункі амерыканскіх палітыкаў не толькі з рэжымам, але і з беларускімі патрыётамі (а я спадзяюся, яны будуць развівацца) высвятляць сітуацыю і ў гэтым становішчы».
Нагадаем, што ў выніку візіту ў Мінск Кіта Келага на волі апынуліся такія палітвязні, як адзін з натхняльнікаў беларусаў у 2020 годзе Сяргей Ціханоўскі, выкладчыца-італьяністка Наталля Дуліна, журналіст «Радыё Свабоды» Ігар Карней, анархіст Акіхіра Гаеўскі-Ханада, бізнэсмен Сяргей Шэлег, адзін з удзельнікаў закрытага чата «Саюз беларускага нацыянальнага шчыта» Кірыл Балахонаў і іншыя.
Чытайце таксама:
Ціханоўскі: Я абсалютна падтрымліваю Украіну. Зяленскі — герой
Кіт Келаг пракаментаваў свой візіт у Мінск
«Ці можна Ціханоўскага пад сафіты і пытаць пра планы, а потым паказваць, як ён рыдае?»