БЕЛ Ł РУС

Чаму цяпер уся ўвага накіравана на Армузскі праліў — 150-кіламетровую паласу, якая ўплывае на сусветныя цэны на нафту

24.06.2025 / 7:0

Nashaniva.com

Інвестары ва ўсім свеце пільна сочаць за вузкім марскім шляхам на Блізкім Усходзе, асцерагаючыся, што блакада Армузскага праліва можа парушыць глабальныя пастаўкі і цэны на нафту.

Армузскі праліў. Здымак са спадарожніка: Wikimedia Commons

Як піша Business Insider, напружанасць у рэгіёне рэзка ўзрасла пасля таго, як у нядзелю ЗША нанеслі ўдар па ядзерных аб’ектах Ірана, выклікаўшы асцярогі магчымага адказу з боку Тэгерана:

«Блакада Армузскага праліва Іранам мела б катастрафічныя наступствы. Пры найгоршым сцэнары гэта прывяло б да рэзкага росту цэн на паліва, павышэння інфляцыі, запаволення эканамічнага росту і больш высокіх працэнтных ставак».

Што такое Армузскі праліў?

Армузскі праліў — адзін з самых геапалітычна адчувальных марскіх шляхоў на планеце. Ён мае прыблізна 33 кіламетры ў шырыню ў самым вузкім месцы і злучае Персідскі заліў з Індыйскім акіянам. На поўначы да яго прымыкае Іран, на поўдні — Аб’яднаныя Арабскія Эміраты і Аман.

Паводле даных Упраўлення энергетычнай інфармацыі ЗША (EIA), праз праліў штодня праходзіць каля 3,2 мільёна кубаметраў нафты (гэта прыблізна 20 мільёнаў барэляў за суткі).

Армузскі праліў на палітычнай карце. Фота: Wikimedia Commons

Большасць паставак нафты, што ідуць з Персідскага заліва (у тым ліку з Саудаўскай Аравіі), не маюць альтэрнатыўных маршрутаў для вывазу.

Праз Армузскі праліў ідзе каля чвэрці сусветнай марской нафты і пятая частка гандлю звадкаваным прыродным газам. Любое парушэнне суднаходства моцна паўплывае на энергетычныя рынкі.

Ці сапраўды Іран здольны перакрыць праліў?

Іран не мае юрыдычных паўнамоцтваў для закрыцця марскога руху ў праліве. Аднак Тэгеран можа парушыць рух суднаў іншымі метадамі, напрыклад, пашкодзіўшы нафтавую або суднаходную інфраструктуру.

У нядзелю іранскі парламент прагаласаваў за закрыццё праліву ў адказ на дзеянні ЗША, аднак канчатковае рашэнне застаецца за Радай нацыянальнай бяспекі.

Некаторыя аналітыкі лічаць, што гэта хутчэй палітычны сігнал, чым рэальны крок.

«Хоць загалоўкі гучаць драматычна, (…) Іран разумее, што любое парушэнне глабальных паставак нафты праз праліў можа выклікаць сур’ёзны ваенны і эканамічны адказ, што пагражае эскалацыяй канфлікту», — адзначае стратэг-аналітык кампаніі Pepperstone Дылін Ву (Dilin Wu).

Як гэта адаб’ецца на ЗША?

ЗША з 2019 года з’яўляюцца чыстым экспарцёрам энергарэсурсаў, таму непасрэдна не залежаць ад Армузскага праліва.

Аднак фінансавыя наступствы могуць быць істотнымі. Як адначаюць аналітыкі Deutsche Bank, «негатыўны эфект праявіцца праз пагаршэнне фінансавых умоваў або праз высокія працэнтныя стаўкі, паколькі Федэральная рэзервовая сістэма атрымае дадатковыя падставы для затрымкі іх зніжэння».

Уплыў на іншыя краіны?

Як адзначае выданне, найбольш пацярпяць ад блакады праліва азіяцкія краіны. Паводле EIA, у 2024 годзе звыш 80% нафты і газу, што праходзілі праз праліў, накіроўваліся ў краіны Азіі — Кітай, Індыю, Японію, Паўднёвую Карэю.

«Азія як галоўны спажывец нафты з Блізкага Усходу апынецца пад найбольшым ударам. Асноўныя праблемы — лагістычныя перабоі і дарагія абходныя маршруты», — тлумачыць старэйшы аналітык Phillip Nova Прыянка Сачдэва (Priyanka Sachdeva).

Паводле Bloomberg, у 2023 годзе трэцяя частка нафты, што праходзіла праз праліў, накіроўвалася затым у Кітай.

Краіны Паўднёвай Еўропы, якія таксама залежныя ад нафты з Персідскага заліва, сутыкнуцца з ростам выдаткаў на імпарт. Хаця Саудаўская Аравія і ААЭ могуць часткова абысці праліў праз нафтаправоды і порт Фуджайра, магутнасці гэтых маршрутаў абмежаваныя.

Уплыў на кошт паліва і інфляцыю

Энергія — адзін з галоўных складнікаў сабекошту ва ўсіх галінах эканомікі. Таму рост цэн на нафту аўтаматычна разганяе інфляцыю.

Пасля авіяўдару ЗША ў нядзелю цэны на нафту дасягнулі пяцімесячнага максімуму. З пачатку чэрвеня — калі Ізраіль таксама нанёс удары па Іране — нафта падаражэла ўжо на 10%.

Сітуацыя развіваецца на фоне летняга аўтамабільнага сезону ў ЗША, калі попыт на паліва традыцыйна высокі. Паводле EIA, кожны $1 росту нафты дадае ў сярэднім 2,4 цэнта (≈0,6 еўрацэнта) за 3,8 літра бензіну. Гэта значыць, што пры цяперашніх тэндэнцыях амерыканцы могуць убачыць рост цэн на ≈20 цэнтаў за галон (≈5,3 еўрацэнта за літр) у найбліжэйшыя тыдні.

Чытайце таксама:

Іран пагражае перакрыць Армузскі праліў пасля ўдараў ЗША па ядзерных аб'ектах

Дзярждэп заявіў пра павышаную рызыку для амерыканцаў за мяжой

«Фардо больш няма». ЗША нанеслі ўдары па ядзерных аб'ектах у Іране

Каментары да артыкула