Венгрыя і Славакія заблакавалі новы пакет санкцый ЕС супраць Беларусі і Расіі
23 чэрвеня 2025 года Венгрыя і Славакія заблакіравалі прыняцце новага, 18-га пакета санкцый Еўрасаюза супраць Беларусі і Расіі. Як паведаміў міністр замежных спраў Венгрыі Петэр Сіярта, гэта адбылося падчас сустрэчы кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў краін ЕС.
Петэр Сіярта. Фота: БелТА
Сіярта адзначыў, што Венгрыя не згодная фінансаваць вайну ва Украіне, таму не падтрымлівае новыя пастаўкі зброі ці іншае ваеннае ўмяшанне. Ён таксама падкрэсліў, што прапанаваныя санкцыі ў першую чаргу накіраваныя на энергетычную сферу і могуць прывесці да росту цэн на камунальныя паслугі.
Адным з ключавых момантаў пакета з’яўляецца магчымая поўная забарона на фінансавыя аперацыі з беларускімі банкамі, што раней тычылася толькі сістэмы SWIFT. Таксама ў санкцыйны спіс уключаныя чатыры беларускія абаронныя прадпрыемствы, якім могуць забараніць весці бізнэс у ЕС і замарозіць іх актывы. Упершыню пад забарону можа трапіць і імпарт зброі з Беларусі ў Еўропу.
Акрамя таго, у межах санкцый ЕС можа знізіць мяжу цэнаў на расійскую нафту (з $60 да $45 за барэль), каб абмежаваць даходы Масквы. Таксама прапануецца забарона на аперацыі з газаправодам «Паўночны паток» і фінансавымі структурамі, якія абыходзяць санкцыі.
Чытайце таксама:
Украіна ўвяла санкцыі супраць завода ў Беларусі, які вырабляе дэталі снарадаў для расійскіх «Градаў»
Сейм Літвы падтрымаў прапанову аб нацыянальных санкцыях супраць Беларусі і Расіі
Падчас саміту G7 Трампа не ўдалося пераканаць пастрожыць санкцыі супраць Расіі
Еўрасаюз хоча ўвесці поўную забарону на закупку прадуктаў з расійскай нафты
Еўрасаюз рыхтуе поўную забарону аперацый з беларускімі банкамі