Ціханоўскі — беларусам: «Калі вы чакалі знак, то вось ён». Прайшла прэс-канферэнцыя з вызваленымі палітвязнямі
Адна з галоўных постацяў 2020 года Сяргей Ціханоўскі і 13 іншых палітвязняў выйшлі на волю 21 чэрвеня. Гэта стала магчымым у выніку візіту ў Мінск спецпрадстаўніка прэзідэнта ЗША Дональда Трампа Кіта Келага. Сёння ў Вільні прайшла прэс-канферэнцыя з імі.
Сяргей і Святлана Ціханоўскія. Фота: AP Photo / Mindaugas Kulbis
Святлана Ціханоўская пачала прэс-канферэнцыю са слоў радасці ад таго, што яна зноў з Сяргеем і абяцання змагацца за вызваленне ўсіх астатніх вязняў, якія застаюцца ў зняволенні.
Ціханоўская падзякавала за вызваленне беларускіх палітвязняў прэзідэнту ЗША Дональду Трампу, генералу Келагу, уладам Літвы і Польшчы, а таксама кіраўніцтву Еўрапейскага саюза за падтрымку змагання беларусаў.
«Гэта наша супольная перамога», — сказала яна.
Пасля ўступу на беларускай мове яна перайшла на англійскую і паўтарыла падзякі па-англійску. «I want to personally thank President Donald Trump», — сказала яна.
Сяргей Ціханоўскі з'явіўся не адразу на прэс-канферэнцыі.
«Вось так я цяпер выглядаю. Я важу 79 кг», — сказаў ён.
Сваю прамову Сяргей Ціханоўскі пачаў з падзякі амерыканскім і еўрапейскім палітыкам.
Ён заявіў, што Дональд Трамп цяпер мае такую сілу, што адным словам можа вызваліць усіх палітвязняў. І папрасіў сказаць гэтае слова.
Ціханоўскі зноў красамоўны.
«Хачу звярнуцца да ўсіх беларусаў — калі вы чакалі знак, то вось ён. Дзяржавы гінуць тады, калі не могуць адрозніць кепскіх людзей ад добрых. Абвінавачанне высунатае супраць палача, стала прысудам для ахвяры», — сказаў ён.
«Яны там называюць нас здраднікамі. А я назаву здраднікам кожнага, хто лукашызму не супраціўляецца», — заявіў ён.
«Юстыцыя ў Беларусі не памерла. У яе проста дзірка ў лобе», — дадаў ён.
«Жыве Беларусь!» — скончыў прамову Сяргей Ціханоўскі і паказаў сціснуты кулак.
Але калі Сяргея спыталі пра дзяцей, ён расплакаўся.
Дачка не пазнала яго, дадала Святлана.
Ціханоўскі кажа, што са студзеня ведаў, што яго выпусцяць.
У яго спыталі, ці не вызвалілі яго для таго, каб разваліць Офіс?
«Я планую не лезці ў дзейнасць Офіса» — адказаў Сяргей. Ён сказаў, што яму «ў вушы агенты КГБ улівалі дэзынфармацыю», але ён адчуваў, што яго дэзынфармуюць.
«Офіс там тым і тым займаюцца, крадуць… Я больш сумленнага чалавека, чым Святлана, у жыцці не сустракаў, я пальца яе не варты… А я ім ківаю: так, так, я ў газетах гэта чытаў…»
Ціханоўскі адназначна заявіў: «Лідарам апазіцыі з’яўляецца мая жонка — Святлана Ціханоўская, і я ні на што не збіраюся тут прэтэндаваць. Лідарам не можа быць чалавек, які пяць гадоў прасядзеў у ізаляцыі. Такіх лідараў, як я, у нас тысячы».
Было заўважна, што Сяргей не можа проста нагаварыцца.
Ён распавёў, што пачаў пісаць вершы і прадэкламаваў адзін.
Ціханоўскі лічыць, што вызваленне Беларусі не можа пачацца, пакуль не рухне пуцінскі рэжым. «Я цалкам згодны з тым, што вызваленне Беларусі не можа пачацца, пакуль не абрынецца пуцінскі рэжым. Абсалютна. Калі б не Пуцін, то мы б зараз тут не сядзелі б — усё б скончылася ў 2020 — 2021 годзе. Я ў гэтым абсалютна ўпэўнены», — сказаў ён.
У Ціханоўскага спыталі пра яго нібыта прарасійскасць і Крым.
Ён адказаў, што ніколі не быў прарасійскім палітыкам, заўсёды быў беларусам.
«У мяне быў бізнэс, у мяне былі офісы ў Маскве, Кіеве і кампанія ў Літве. І гэта ўсё. Я ніколі не быў прарасійскім, гэта фэйкі. Наш супольны вораг — гэта пуцінская ўлада. Пакуль яна не рухне, ніякай перамогі ў Беларусі не будзе», — заявіў ён.
Пра сваю паездку ў Крым у 2017 годзе ён кажа: я тады не быў палітыкам і не задумваўся пра палітычныя пытанні, я ездзіў туды як паломнік.
«Я абсалютна падтрымліваю Украіну. Прэзідэнту Зяленскаму выпала такая цяжкая доля. Вось тое, што я перажыў, гэта нішто ў параўнанні з тым, што ён перажыў. Ён для мяне герой. Я яго падтрымліваю абсалютна і безраздзельна», — сказаў ён.
Чытайце таксама:
Ціханоўскі расказаў падрабязнасці пра сустрэчу ў СІЗА КДБ у 2020 годзе
Ціханоўскі распавёў, колькі важыць і як яго адкормлівалі
«Вызваленне Беларусі не можа пачацца, пакуль не рухне пуцінскі рэжым» — Ціханоўскі
«Личинки в навозной куче не знают, что они в дерьме». Ціханоўскі прачытаў свой турэмны верш
«Мы павінны змагацца супраць лукашызму». Першая прамова Сяргея Ціханоўскага на волі