Беларус ідзе пешшу на футбол з Варшавы ў Чарнагорыю
Беларус Васіль Мікалаеў, які жыве ў Варшаве, вырашыў пешшу дайсці да Чарнагорыі, дзе ў рамках Лігі канферэнцый 10 ліпеня адбудзецца матч брэсцкага «Дынама». Супернікам беларускай каманды стане мясцовы клуб «Суцьеска» з горада Нікшыч, піша Most.
Васіль Мікалаеў. Фота: Instagram vasili.nikalayeu.official
Да месца матчу Васілю трэба будзе пераадолець каля 1600 кіламетраў. Стартаваў ён 19 чэрвеня і плануе праходзіць па 50 кіламетраў за суткі.
Частка маршруту будзе з перапынкамі — да 2 ліпеня ён хоча дайсці да Будапешта (500 кіламетраў), адтуль злётаць у Варшаву на медыцынскую працэдуру, а затым вярнуцца і працягнуць шлях праз Заграб да фінальнага пункта — Нікшыча. Апошні ўчастак ад харвацкай сталіцы да Чарнагорыі Васіль плануе праехаць на аўтобусе.
«Хачу прайсці прыкладна паўдарогі. Калі ёсць мэта, я не бачу перашкод. Сіла мая ў тым, што я магу хадзіць», — кажа ён.
Васіль вядомы сярод фанатаў як Вася Пешаход. Да 2020 года ён здзейсніў пяць «залатых сезонаў» — пабываў на ўсіх матчах сваёй каманды, уключаючы выязныя. Прычым без аўтастопу і грошай: ён дабіраўся пешшу, начуючы ў лесе.
Гэта не першая ягоная футбольная пешая Адысея. У 2014 годзе мужчына прайшоў амаль 500 кіламетраў ад Брэста да Наваполацка.
Футбол, па яго словах, выратаваў яго ад турмы, а дарога — ад смерці. У Васіля дыягнаставаная апластычная анемія — цяжкае захворванне крывятворнай сістэмы. З 2021 года ён жыве ў Варшаве, куды быў вымушаны з'ехаць праз палітычную сітуацыю ў Беларусі.
Падчас гэтага паходу Васіль таксама збірае сродкі ў падтрымку УСУ. Ён вядзе стрым на Twitch, дзе дзеліцца ўражаннямі.
Чытайце таксама:
Лукашысты спрабуюць дабіцца выдачы ім беларусаў праз Інтэрпал, пазначаючы непалітычныя артыкулы
Дактары расказалі, адкуль беларусы прывозяць на радзіму небяспечныя інфекцыі
Беларусаў папярэдзілі пра візавую пастку пры наведванні Сербіі і Чарнагорыі
Беларусаў з жэнеўскімі пашпартамі не пусцілі ў Варшаве на самалёт у Малдову