БЕЛ Ł РУС

ЗША перамяшчаюць вайсковыя самалёты ў рэгіён Міжземнага мора

18.06.2025 / 16:40

Nashaniva.com

Паводле інфармацыі Euronews, авіяцыйныя знішчальнікі і самалёты-запраўшчыкі вылятаюць з еўрапейскіх баз у напрамку Блізкага Усходу, што супадае з чуткамі пра магчымы ўдзел Вашынгтона ў ваенных дзеяннях супраць іранскіх ядзерных і вайсковых аб’ектаў у падтрымку Ізраіля.

Фота: AP Photo

17 чэрвеня паведамлялася, што амерыканскія самалёты F-15E, F-35, F-16CJ/DJ і F-16C/D былі перакінутыя з баз у Вялікабрытаніі, Германіі і Італіі ў напрамку Блізкага Усходу. Самалёты-запраўшчыкі KC-135 Stratotanker былі заўважаныя над Міжземным морам каля Італіі. Паведамляецца, што падобныя перамяшчэнні могуць сведчыць пра нарошчванне вайсковага патэнцыялу ЗША ў рэгіёне.

Стан на 17 чэрвеня. Крыніца: Evergreen Intel, X

На гэтым фоне Дональд Трамп зрабіў шэраг рэзкіх заяў, уключаючы заклік да эвакуацыі з Тэгерана і намёкі на магчымасць масіраваных удараў. Ён таксама пакінуў саміт G7 у Канадзе датэрмінова, заявіўшы, што «нам патрэбна нешта большае, чым спыненне агню».

Ізраільскі бок, у сваю чаргу, таксама выказваецца рэзка: міністр абароны Ізраіля заклікаў да эвакуацыі жыхароў Тэгерана і згадаў падземны ядзерны цэнтр Фардо як «праблему, якую будуць вырашаць». Праўдападобны нават сцэнар забойства іранскага лідара — пра гэта ў інтэрв'ю ABC News заявіў прэм’ер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньяху, адзначыўшы, што гэта «спыніць, а не ўзмоцніць канфлікт».

У ЕС, між тым, занепакоеныя магчымым удзелам ЗША ў вайне. Кая Каллас, кіраўніца еўрапейскай дыпламатыі, заявіла, што гэта «ўцягне ўвесь Блізкі Усход у шырокі канфлікт», што не адпавядае інтарэсам ніводнага боку.

Тым часам у Тэгеране назіраецца паніка — людзі масава пакідаюць горад, у якім жыве каля 10 мільёнаў чалавек. Вялізныя заторы на дарогах цягнуцца на кіламетры — многія спрабуюць уцячы ў напрамку Каспійскага мора.

Чытайце таксама:

На працягу двух сутак ЗША прымуць рашэнне аб магчымым далучэнні да ваенных дзеянняў супраць Ірана

ЗША прывялі войскі на Блізкім Усходзе ў павышаную гатоўнасць пасля экстраннай нарады Трампа з генераламі

ЗША перакідаюць на Блізкі Усход другі авіяносец і дзясяткі самалётаў

Фардо — галоўны ядзерны аб’ект Ірана. Што пра яго вядома?

Хто такі Вярхоўны лідар Ірана аятала Алі Хаменеі і наколькі ўплывовая яго сям'я

Мерц: Ізраіль робіць гэту брудную працу за нас

Каментары да артыкула