БЕЛ Ł РУС

Распрацоўшчык гульні «Свет танкаў» афіцыйна перайшоў ва ўласнасць расійскай дзяржавы

18.06.2025 / 15:47

Nashaniva.com

Група кампаній «Леста», якая займаецца распрацоўкай папулярнай гульні «Мір танкаў», афіцыйна перайшла ва ўласнасць расійскай дзяржавы. Цяпер ёй распараджаецца Федэральнае агенцтва па кіраванні дзяржаўнай маёмасцю.

Ілюстрацыя: «Леста гульні» / lesta.games

У Расіі «Леста» ўключае тры кампаніі: «Леста», «Леста Геймс Эджэнсі» і «Леста Геймс Масква». 11 чэрвеня 2025 года 100% акцый галоўнай кампаніі «Леста» былі перададзеныя Федэральнаму агенцтву па кіраванні дзяржаўнай маёмасцю. Да гэтага кампанія належала былому топ-менеджару Wargaming — Маліку Хатажаеву. Уся група ацэньваецца прыкладна ў 1,7 мільярда даляраў.

У пачатку чэрвеня расійскія ўлады прызналі дзейнасць заснавальнікаў «Лесты» «экстрэмісцкай». Гэта звязана з тым, што ў кастрычніку 2023 года кампанія Wargaming прапанавала гульцам купляць віртуальныя прадметы, грошы ад якіх нібыта ішлі на падтрымку Узброеных сіл Украіны. Па рашэнні маскоўскага суда, усе актывы, звязаныя з гульнямі «Свет танкаў», «Свет караблёў» і Tanks Blitz, павінны былі перайсці дзяржаве.

Wargaming — гэта кампанія, заснаваная ў Беларусі ў 1998 годзе. Яна распрацавала гульні World of Tanks і World of Warships. Да ліпеня 2022 года цэнтр распрацовак у Беларусі (кампанія «Гейм Стрым») належаў цэнтральнаму офісу Wargaming на Кіпры і яшчэ двум дробным акцыянерам. У красавіку 2022 года Wargaming заявіла, што сыходзіць з Расіі і Беларусі. Увесь гульнявы бізнэс у гэтых краінах быў перададзены кампаніі Lesta Games, якой кіраваў Малік Хатажаеў. Тады ж гульні атрымалі новыя назвы — «Свет танкаў» і «Свет караблёў».

Па стане на 17 чэрвеня 2025 года, адзіным уладальнікам беларускай кампаніі «Гейм Стрым» таксама з'яўляецца расійская «Леста», таму і гэты беларускі актыў цяпер кантралюецца расійскай дзяржавай.

Чытайце таксама:

«У людзей шок ад данатаў на вайну». Супрацоўнік беларускай юрасобы «Леста» расказаў пра настроі ў калектыве

Кампанія-выдавец «Свету танкаў» публікуе інфармацыю аб сваёй падтрымцы Узброеных сіл Расіі

Расійскія ІТ-асацыяцыі просяць Пуціна абараніць «Лесту» ад нацыяналізацыі

Маскоўскі суд арыштаваў актывы выдаўца гульні «Свет танкаў»

Кіслы звальняў супрацоўнікаў «Варгеймінга», якія падтрымалі напад Расіі на Украіну

Каментары да артыкула