Нямецкі ўрад штогод плаціць 70 тысяч еўра за ўтрыманне «Рускага дома» ў Берліне
Нягледзячы на вайну ва Украіне і шматлікія патрабаванні аб закрыцці, урад Германіі працягвае фінансаваць утрыманне «Рускага дома» ў Берліне — расійскага культурнага цэнтра, які небеспадстаўна лічыцца інструментам распаўсюджвання расійскай прапаганды, піша Bild.
Паводле афіцыйных даных, у 2024 годзе Германія аплаціла за «Рускі дом» зямельны падатак памерам у 70 тысяч еўра. У Міністэрстве замежных спраў растлумачылі, што гэта — юрыдычны абавязак Германіі як уладальніка зямельнага ўчастка, які вынікае з пагаднення з Расіяй 2013 года аб узаемным выкарыстанні будынкаў культурных устаноў.
«Рускі дом» у Берліне, кіраваны расійскім дзяржаўным агенцтвам «Рассупрацоўніцтва», якое знаходзіцца пад санкцыямі ЕС, неаднаразова трапляў у скандалы. У яго сценах, напрыклад, паказвалі фільм, дзе ўкраінцаў прадстаўлялі нацыстамі, а таксама праводзілі сакрэтныя мерапрыемствы з сімволікай Пуціна і вайсковай формай. Ёсць інфармацыя, што цэнтр падтрымліваў і арганізатараў прарасійскіх акцый у Германіі.
Нямецкі палітык Робін Вагенер з партыі «Зялёныя» выступіў з патрабаваннем спыніць фінансаванне «Рускага дома», адзначыўшы: «Гэты цэнтр трэба закрыць, а не ўтрымліваць за кошт федэральнага бюджэту». Яго фракцыя мае намер дамагацца гэтага падчас бюджэтных перамоваў.
Аднак на гэты момант ніякіх рэальных дзеянняў па спыненні фінансавання або закрыцці цэнтра не назіраецца.
Чытайце таксама:
У Гомелі «Рускі дом» пад маўчанне ідэолагаў масава раздае георгіеўскія стужкі