БЕЛ Ł РУС

Беларусы ставяць адну зорку дзіцячаму цэнтру, які трапіў у скандал з беларускай мовай

17.06.2025 / 7:0

Nashaniva.com

Дырэктарка дзіцячага цэнтра «Сокровища нации» цяпер просіць бацькоў дапамагчы падняць рэйтынг у «Яндэксе».

Драма вакол цэнтра дзіцячага развіцця «Сокровища нации» не сціхае. У сторыс афіцыйнага акаўнта з’явіўся скрыншот водгукаў на «Яндэкс. Картах»: два чалавекі напісалі негатыўныя каментарыі наконт моўнай дыскрымінацыі. Іншыя проста ацанілі паставілі адзнаку цэнтру, і яго рэйтынг цяпер — роўна 1,0.

Таму кіраўніцтва просіць бацькоў дапамагчы выправіць сітуацыю і пакінуць станоўчы водгук. Пакуль наведвальнікі ратаваць рэпутацыю «Сокровища нации» не спяшаюцца.

Нагадаем: на мінулым тыдні беларускамоўная выкладчыца паскардзілася ў сацсетках, што яе не ўзялі на працу ў «Сокровища нации» праз тое, што ў цэнтры ўсе размаўляюць выключна на рускай мове.

Дырэктарка Людміла Жук потым некалькі разоў спрабавала растлумачыць сітуацыю. То яна казала, што ўжо думала нават стварыць беларускамоўны гурток, але пасля пачатку скандалу ў сацыяльных сетках раздумала. То казала, што дазволіла б выкладчыцы вітацца і развітвацца з бацькамі на беларускай, але ўвесь час размаўляць — гэта, па яе меркаванні, перабор.

Чыноўнікі паспрабавалі хутка адрэагаваць на скандал. Намесніца кіраўніка адміністрацыі Цэнтральнага раёна сталіцы Людміла Барысенка расказала журналісту «Мінск-Навінаў», быццам у цэнтр прыйшла праверка і знайшла парушэнні:

— Маніторынг цэнтра з боку Дэпартамента якасці адукацыі Міністэрства адукацыі выявіў парушэнні заканадаўства, звязаныя з арганізацыяй адукацыйнага працэсу і бяспекай. Прадпрыемства не ўзгадніла ва ўстаноўленым парадку праграмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Выпраўленне парушэнняў знаходзіцца на кантролі ўпраўлення па адукацыі адміністрацыі Цэнтральнага раёна Мінска.

Людміла Жук. Скрыншот яе сторыс у інстаграме

Але ж сама дырэктарка «Сокровищ нации» абвінаваціла і дзяржаўнага журналіста, і чыноўніцу ў хлусні. Яна распавяла ў сторыс, што ніякіх праверак пасля інцыдэнту не было.

Людміла Жук таксама заявіла, што напісала заяву ў міліцыю на беларускамоўную выкладчыцу, якая паскардзілася на яе цэнтр у сацсетках.

@nashaniva Беларусы ставяць адну зорку дзіцячаму цэнтру, які не ўзяў на працу беларускамоўную настаўніцу #мова #беларускаямова #беларусь #минск #минсксейчас #нашаніва #беларусь #белорусскийязык ♬ Mysterious and sad BGM(1120058) - S and N

Чытайце таксама:

«У нас усе размаўляюць на рускай мове». Дзіцячы цэнтр не ўзяў на працу жанчыну, бо яна размаўляе па-беларуску

Дзіцячы цэнтр, які адмовіў дзяўчыне ў працаўладкаванні за беларускую мову, улады праверылі і знайшлі парушэнні

Дырэктарка дзіцячага цэнтра, дзе размаўляюць выключна на рускай, абвінавачвае чыноўнікаў і дзяржаўных журналістаў у хлусні

Каментары да артыкула