Трамп вымушана спыняе рэйды супраць імігрантаў у сельскай гаспадарцы і гатэльным бізнэсе
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп часова спыніў іміграцыйныя рэйды ў стратэгічна важных галінах эканомікі. Гэта значнае адхіленне ад яго жорсткай іміграцыйнай палітыкі, выкліканае ўзмацненнем грамадскага незадавальнення і палітычнага ціску, піша Euronews.
Акцыя пратэсту супраць мігранцкай палітыкі ў штаце Фларыда. Фота: AP Photo/Rebecca Blackwell
Па распараджэнні адміністрацыі, Служба іміграцыі і мытнага кантролю (ICE) часова спыняе высылку нелегальных імігрантаў у такіх сферах, як сельская гаспадарка (уключаючы мясаперапрацоўчыя прадпрыемствы), рэстараны і гатэлі. Пра гэта стала вядома з афіцыйнага ліста, разасланага на мінулым тыдні, што пацвердзілі крыніцы ва ўрадзе выдання The New York Times.
Прэс-сакратарка Міністэрства ўнутранай бяспекі Трыша Маклафлін адзначыла, што ведамства працягне выконваць указанні прэзідэнта, канцэнтруючыся на выдаленні найбольш небяспечных злачынцаў-нелегалаў з вуліц.
Прыпыненне рэйдаў адлюстроўвае заклапочанасць урада негатыўнымі наступствамі для крытычна важных галін і магчымай стратай падтрымкі выбаршчыкаў. Асабліва моцна залежаць ад працы імігрантаў фермерскія гаспадаркі ў Каліфорніі і іншых сельскагаспадарчых штатах.
Пратэсты ў Лос-Анджэлесе і іншых гарадах толькі ўзмацнілі ціск на Белы дом напярэдадні выбараў у Кангрэс. Хаця з моманту вяртання Трампа да ўлады ў студзені ягоная палітыка стала яшчэ больш жорсткай — з патрабаваннем да ICE праводзіць да 3000 арыштаў на дзень — рэзкая актывізацыя рэйдаў выклікала канфлікт паміж палітычнымі мэтамі і эканамічнай рэальнасцю.
Такім чынам, прыпыненне рэйдаў у пэўных сектарах — гэта хутчэй тактычны крок, а не фундаментальная змена палітыкі. Урад заяўляе, што аналагічныя аперацыі могуць працягнуцца ў іншых галінах або ў іншай сітуацыі.
Чытайце таксама:
У некаторых раёнах Лос-Анджэлеса ўвялі каменданцкую гадзіну
У Лос-Анджэлес уведзены падраздзяленні марской пяхоты
Дзяржаўныя каналы Беларусі выдаюць сутычкі ў Лос-Анджэлесе за «разгон мітынгоўцаў»