БЕЛ Ł РУС

Стала вядома пра вызваленне палітвязня са Жлобіна

13.06.2025 / 16:59

Nashaniva.com

Праваабаронцы даведаліся, што Максім Палітаў са Жлобіна, які адбываў пакаранне на «хіміі» ў горадзе Крупкі, быў вызвалены яшчэ 29 студзеня 2025 года. Інфармацыя пра гэта, аднак, пацвердзілася толькі цяпер, піша «Гомельская вясна».

Фота ілюстрацыйнае

Максіма Палітава затрымалі 4 лістапада 2022 года і абвінавацілі па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса — за ўдзел у мірных пратэстах у 2020 годзе ў Жлобіне, што ўлады інтэрпрэтавалі як «арганізацыю дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Суддзя Яўген Ерафееў прызнаў мужчыну вінаватым. Пазней Гомельскі абласны суд на чале з Галінай Святко пакінуў прысуд у сіле.

У лютым 2023 года Максіма занеслі ў так званы «спіс экстрэмістаў» МУС, а ў сакавіку таго ж года беларускія праваабаронцы прызналі яго палітычным зняволеным.

Максім Палітаў — адзін з больш чым 170 жыхароў Жлобіна, рэпрэсаваных за ўдзел у мірных акцыях пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў і міліцэйскага гвалту ў 2020 годзе.

Чытайце таксама:

Праз дзевяць месяцаў пасля вызвалення памёр палітвязень Валерый Богдан

Памятаеце палітвязня Вітухноўскага, які пайшоў ваяваць за Расію? Ён ужо загінуў

Стала вядома прозвішча яшчэ аднаго палітвязня, вызваленага летась па памілаванні

Каментары да артыкула