БЕЛ Ł РУС

Кіт Келаг расказаў пра вяртанне Расіі ў «Лігу Нацый» і параўнаў Зяленскага з Лінкальнам

12.06.2025 / 19:18

Nashaniva.com

Спецпрадстаўнік прэзідэнта ЗША па пытаннях Украіны Кіт Келаг, прыцягнуты да мірнага ўрэгулявання, расказаў пра «пачуццё ўпэўненасці» пасля азнаямлення з бачаннем Кіева і Масквы адносна спынення вайны, піша Украінская служба «Радыё Свабода».

Кіт Келаг. Фота: Dursun Aydemir/Anadolu via Getty Images

«Мы ўзялі ўкраінскі дакумент, потым расійскі — яны завуць яго мемарандумам… І мы сказалі: добра, як вы можаце аб'яднаць гэтыя два дакументы разам, каб дасягнуць канчатковага стану?

І цяпер мы дастаткова ўпэўнена сябе адчуваем. Мы ведаем, як можа і павінен выглядаць канчатковы стан. І калі б мы маглі проста дайсці да гэтага моманту, то, лічым, гэта можна «выйграць». Пад выйгрышам я маю на ўвазе магчымасць дайсці да мірнага пагаднення», — заявіў Келаг у Брусэлі падчас форуму нямецкага Фонду Маршала.

Адказваючы на пытанне, як менавіта можа выглядаць «канчатковы стан», Келаг сказаў пра усёахопнае спыненне агню.

«Спыненне агню на месцы — гэта значыць на зямлі, на якой вы фізічна знаходзіцеся», — растлумачыў чыноўнік, на якіх пазіцыях гэта павінна адбыцца.

«Пасля мы хочам дайсці да вяртання дзяцей, палонных, якія там знаходзяцца, што зрабіла б устойлівае спыненне агню доўгатэрміновым і ўстойлівым не толькі для ўкраінцаў, але і для Еўропы.

Потым — паспрабаваць вярнуць рускіх да таго, што я б назваў Лігай Нацый. Так што ўсе працуюць разам… Вы ўсе можаце жыць з вынікамі гэтага ў доўгатэрміновай перспектыве», — падкрэсліў Келаг.

Спецпрадстаўнік Дональда Трампа чарговы раз адзначыў колькасць ахвяр з абодвух бакоў, назваўшы гэта «забойствамі прамысловага маштабу». Паводле яго, сумарна забітых і параненых — больш за 1,2 мільёна.

Асобна Келаг адзначыў намаганні Уладзіміра Зяленскага, а таксама асобна спыніўся на выкліках, з якімі сутыкаецца ўкраінскі лідар. Келаг сказаў, што звяртаў на гэта ўвагу прэзідэнта ЗША.

«Я сказаў: сэр, у нас не было амерыканскага прэзідэнта з часоў Аўраама Лінкальна, які б павінен быў рабіць тое, што зрабіў прэзідэнт Зяленскі. Ён вядзе вайну за нацыянальнае выжыванне на сваёй уласнай зямлі… Калі вы гэта бачыце, вы павінны шанаваць праблемы, з якімі яны сутыкаюцца цяпер на месцах. Думаю, часам мы гэтага не бачым», — заўважыў Келаг.

Чытайце таксама:

«Гучная ноч у Кіеве, тата!» — дачка генерала Келага стала героем сацсетак

Спецпрадстаўнік ЗША пракаментаваў атакі ўкраінскіх дронаў па расійсікіх аэрадромах падчас аперацыі СБУ «Павуцінне»

Спецпрадстаўнік Трампа адказаў Мядзведзеву: Заява не адпавядае статусу сусветнай дзяржавы

Келаг: ЗША разглядаюць магчымасць размяшчэння замежных войскаў ва Украіне

Каментары да артыкула