Палавое выспяванне робіцца ўсё больш раннім, а псіхалагічная даросласць — позняй. І гэта праблема
Разрыў паміж біялагічным і сацыяльным сталеннем нарастае. У даўнія часы рытуалы ініцыяцыі дапамагалі маладым прайсці гэты этап.
Сталенне чалавека — незвычайны і рызыкоўны працэс, бо біялогія не паспявае за культурнымі зменамі, што стварае глыбокія супярэчнасці. На гэта звяртае ўвагу польскі эвалюцыяніст і папулярызатар навукі Марцін Рыжкевіч на старонках Polityka.pl.
У прыродзе палавое даспяванне — ключ да перадачы генаў, і момант яго надыходу звычайна азначае даросласць. Але ў чалавека сталенне пачынаецца ўжо пасля фізічнай гатоўнасці да размнажэння, што сведчыць: мы даспяваем не толькі дзеля нараджэння дзяцей.
Сталенне чалавека — гэта перш за ўсё сацыяльнае сталенне: набыццё навыкаў для жыцця ў складаным грамадстве. У жывёл гэтага няма — у іх палавое даспяванне і сталенне адбываюцца адначасова: калі арганізм гатовы да размнажэння, больш няма чаго чакаць.
Юнакі, якія яшчэ не дарослыя
Прамежкавы перыяд паміж дасягненнем палавой спеласці і сацыяльным сталеннем асабліва рызыкоўны: юнакі адчуваюць моцны біялагічны імпульс да рызыкоўных, канкурэнтных паводзін, каб «заслужыць» увагу дзяўчат.
У большасці відаў самкі — каштоўны рэсурс, а самцы мусяць за іх змагацца. У людзей, як і ў іншых сысуноў, гэта абвастраецца тым, што самцы не нясуць фізічных выдаткаў на цяжарнасць і выхаванне, таму мусяць даказваць сваю перавагу паводзінамі.
Праблема ў тым, што такая канкурэнцыя адбываецца яшчэ да таго, як хлопцы становяцца сапраўды дарослымі і здольнымі браць адказнасць. У сучасным свеце гэта можа выклікаць сур’ёзныя сацыяльныя праблемы. Раней розныя грамадствы вырашалі гэта праз асобнае стаўленне да юнакоў і дзяўчат.
Напрыклад, у народу масаі, які пражывае ў Кеніі і Танзаніі, дзяўчаты неўзабаве пасля першай менструацыі выходзілі замуж за мужчын, старэйшых на дзясятак і больш гадоў, якія маюць адпаведны сацыяльны статус. А вось хлопцы пасля кароткага перыяду цырыманіяльных рытуалаў і танцаў, праводзілі шмат гадоў у сваёй уласнай кампаніі, без кантакту з дзяўчатамі, адпрацоўваючы свае баявыя навыкі ў якасці ахоўнікаў племянных тэрыторый.
Мужчыны племені масаі ў сваёй вёсцы ў Кеніі. Фота: Wikimedia Commons
Толькі пасля завяршэння такой «вайсковай службы» працягласцю каля 10 гадоў і пасля цырымоніі, падобнай да той, што адбылася дзесяцігоддзем раней, яны вяртаюцца ў бацькоўскую групу і ўжо як дарослыя (ва ўзросце 20+ гадоў), атрымліваюць усе правы і жэняцца на дзяўчатах, у якіх толькі была першая менструацыя.
Масаі не з'яўляюцца нейкім выняткам. Падобнае было і ёсць у іншых супольнасцях. Напрыклад, на астравах у заліве Карпентарыя на поўнач ад Аўстраліі мясцовых хлопчыкаў ізалявалі ад сваіх супольнасцяў падчас палавога паспявання і падвяргалі абразанню.
Каб ізаляцыя была паўнейшай, яны вывучалі мову жэстаў, якой будуць карыстацца на працягу наступных некалькіх гадоў. Затым іх падвяргалі яшчэ аднаму, мацнейшаму абразанню, і яны асвойвалі сакральную вусную мову. Пасля гэтага перыяду ініцыяцыі яны вярталіся да сваіх, лічыліся ўжо дарослымі, бралі шлюб і стваралі сем'і.
Да прыходу еўрапейцаў такія звычаі былі ў многіх супольнасцяў паляўнічых і збіральнікаў: дзяўчаты выходзілі замуж адразу пасля першай менструацыі і хутка нараджалі, а хлопцы доўга чакалі, праходзячы цяжкія абрады.
«Ваўкі вайны»
Аўтары кнігі «Неадпаведнасць» («Mismatch», 2006) Пітэр Глюкман (Peter Glukman) і Марк Хэнсан (Mark Hanson) апісваюць сучасныя праблемы падлеткаў як вынік неадпаведнасці паміж нашай біялагічнай эвалюцыяй і культурнай рэальнасцю.
У індаеўрапейскіх даследаваннях існуе паняцце Männerbund — «мужчынскае брацтва», якое абазначае групы маладых, нежанатых мужчын, часова адасобленых ад сваёй супольнасці. Гэтыя групы праводзілі гады ў адасабленні, прамысляючы, здабываючы штосьці, ходзячы ў баявыя паходы, рабуючы, але таксама абараняючы свае супольнасці, з якіх яны былі выключаны на некалькі гадоў. Гэты перыяд адлучэння ад кантактаў з жанчынамі і адноснай беспакаранасці быў неад'емнай часткай грамадскага ладу тады.
У міфах многіх народаў Еўропы, а таксама Індыі і Ірана, часта ўзнікае вобраз банды юнакоў, што жывуць як ваўкі і атаясамліваюць сябе з ваўкамі. Гэта дазваляе меркаваць пра агульнага продка індаеўрапейскіх народаў — качавых плямён з чарнаморскіх стэпаў, якія каля III тысячагоддзя да н.э. пачалі шырокую экспансію ў Еўропу, а потым і на Індыйскі паўвостраў. Гэтыя плямёны вядомы пад назвай ямнай культуры.
Еўропа таго часу ўжо была заселеная і мела развітыя культуры. Дык як жа гэтаму невялікаму народу атрымалася заваяваць усю Еўропу за адносна кароткі час, паклаўшы канец багатаму і заможнаму насельніцтву, якое развівалася там тысячагоддзямі?
Адзін з найважнейшых індаеўрапейскіх тэрмінаў, які тлумачыць гэтую з’яву, — kóryos. Гэта абазначэнне маладых хлопцаў, што пасля палавога даспявання часова выключаліся з грамадства і вызваляліся ад сацыяльных правілаў. Ім дазвалялася паводзіць сябе агрэсіўна, праяўляць ініцыятыву, ваяваць і задавальняць усе, нават самыя смелыя, жаданні.
Kóryos надзвычай падобныя да груп юнакоў масаі або старажытных абарыгенаў, хоць па жорсткасці яны, магчыма, не мелі сабе роўных.
Іх эфектыўнасць яскрава бачная ў генетыцы: мужчынскія храмасомы Y індаеўрапейскага паходжання (R1a і R1b) сёння абсалютна дамінуюць над мясцовымі — асабліва ва ўсходняй і паўночнай Еўропе, куды ямнікі прыйшлі найперш.
Даследаванне старажытных шкілетаў з Еўропы і Індыі сведчаць: мужчыны-захопнікі паходзілі са стэпаў, а жанчыны — пераважна мясцовыя. Гэтая выразная асіметрыя — дамінаванне нешматлікіх варыянтаў Y-храмасом пры вялікай разнастайнасці жаночых ліній — вельмі красамоўная і паказвае на гендарную няроўнасць заваёвы.
Невялікая колькасць прыбылых мужчын мела нашчадкаў з мноствам мясцовых жанчын, і сляды гэтага гвалтоўнага працэсу дасюль чытаюцца ў Y-храмасомах і мітахандрыяльнай ДНК еўразійскіх народаў.
Складаецца ўражанне, што першы кантакт паміж заваёўнікамі і мясцовымі мужчынамі скончыўся для апошніх фактычным генацыдам — іх Y-храмасомы знікаюць з генетычнага запісу літаральна імгненна.
Калі захопнікі ўрэшце адчулі сябе «як дома», заняліся земляробствам і пачалі будаваць гарады, інстытут kóryos таксама знік — хоць яго памяць захавалася ў паданнях, а месцамі і вярталася праз стагоддзі ў амаль нязменнай форме.
Добра вядомы прыклад — грэчаская Спарта. Там ад маладых юнакоў чакалі не толькі фізічнай мужнасці, але і гатоўнасці забіць нявольніка. Хто не быў на гэта здольны, падлягаў пакаранню.
Паляўнічыя жылі даўжэй
Падтытул кнігі «Mismatch», напісанай двума прафесарамі медыцыны, гучыць: «Чаму свет, у якім мы жывём, не адпавядае патрэбам нашых целаў».
Аўтары тлумачаць, што нашы целы засталіся палеалітычнымі, але мы жывём у XXI стагоддзі. Змены, якія адбыліся ў большасці нашымі рукамі, былі настолькі хуткімі, што натуральны адбор не паспеў іх дагнаць. Разрыў паміж біялогіяй і культурай павялічваецца, і мы спраўляемся толькі дзякуючы тэхналогіям, якія робяць нас напалову кібаргамі, і медыцыне, якая лечыць хваробы, часта выкліканыя намі самімі, напрыклад, атлусценнем.
Найбольш цікавы раздзел — пра сталенне. Аўтары адзначаюць, што разрыў паміж палавым даспяваннем і сталеннем пачаў нарастаць у апошнія стагоддзі, асабліва ў апошнія 100 гадоў. Раней гэтага разрыву амаль не было. Яны, як медыкі, разглядаюць гістарычныя часы, калі большасць людзей жыла ў вёсках і займалася земляробствам. На думку гэтых аўтараў, хоць земляробства прыносіла шматлікія перавагі на ўзроўні цэлых папуляцый — на індывідуальным узроўні прывяло да рэгрэсу.
Параўнанне шкілетаў паказвае, што паляўнічыя-збіральнікі былі вышэйшыя, здаравейшыя і мацнейшыя, чым земляробы. Нават памеры мозга ў старажытных еўрапейцаў і неандэртальцаў былі большыя. Чаму? У земляробаў была менш разнастайная ежа (заснаваная на вугляводах), манатонная праца і шмат інфекцый ад жыцця ў шчыльных паселішчах.
Гэта прывяло да зніжэння працягласці і якасці жыцця. Палавое даспяванне стала наступаць пазней, бо ў дрэнным стане здароўя арганізм не спяшаўся з рэпрадукцыяй, чакаючы лепшых умоў. Цяжкая праца на полі і нізкая мабільнасць вясковых супольнасцяў абмяжоўвалі рызыкоўны перыяд эмацыянальнай нестабільнасці, асабліва ў юнакоў. А забароны на блізкароднасныя шлюбы яшчэ больш ускладнялі гэтую праблему.
Кіберпорна і сацыяльныя сеткі
Апошнія пакаленні, асабліва з сярэдзіны XX стагоддзя, перажылі рэвалюцыю.
Кантрацэпцыя разарвала сувязь паміж сэксам і нараджэннем дзяцей — гэта нечувана ў гісторыі жыцця на Зямлі. Сэкс павінен служыць для рэпрадукцыі, але калі ён становіцца самадастатковым, гэта мяняе стаўленне да яго.
І менавіта гэта нам і ўдалося зрабіць. Калі так, то «канец перыяду спарвання», звязаны з нараджэннем дзіцяці, не надыходзіць, і «перыяд спарвання» робіцца бясконцым.
Другі фактар: дзякуючы даступнасці ежы, вакцынацыі, медыцыне і гігіене палавое даспяванне наступае ўсё раней — прыкладна на 3 месяцы раней кожнае дзесяцігоддзе. Але сталенне, даросласць (псіхалагічная гатоўнасць да бацькоўства ці мацярынства) надыходзіць усё пазней, павялічваючы рызыкоўны перыяд «паміж».
Інтэрнэт, сацыяльныя сеткі, эратычны кантэнт і сайты знаёмстваў зрабілі даступнымі раней схаваныя рэчы, абудзілі жаданні і павялічылі магчымасці іх задавальнення. Біялагічна мы вярнуліся да мінулага, а сацыяльна — уступілі ў эпоху амаль неабмежаванай свабоды.
Сучасныя групы моладзі (абаіх палоў) нагадваюць старажытныя kóryos і Männerbund, але яны не ўмацоўваюць, а парушаюць сацыяльны парадак. Спробы супрацьдзейнічаць, напрыклад, забараняючы смартфоны ў школах, не вырашаюць праблему, мяркуе аўтар.
Чытайце таксама:
Генетыкі перанеслі прарадзіму індаеўрапейцаў ва Украіну
У геноме беларусаў — прыкладна 2% азіяцкага складніка
Звычку рана ўставаць людзям перадалі неандэртальцы — вучоныя
Булён на вадзе з нябожчыка і плявок у знак павагі: дзіўныя афрыканскія традыцыі