Хто тыя людзі, якімі запоўнілі Нацыянальны футбольны стадыён пры яго адкрыцці?
У Мінску 7 чэрвеня з помпай адкрывалі Нацыянальны футбольны стадыён, які Аляксандр Лукашэнка ў сваім выступе прадставіў як падарунак ад Кітая. Пасля ягонай прамовы прайшоў футбольны матч паміж моладзевымі зборнымі Беларусі і Кітая, пры гэтым трыбуны, якія месцяць 33 тысячы гледачоў, былі запоўненыя. За кошт чаго, даведаўся «Флагшток».
Фота: «Хойніцкія навіны»
Аказалася, што масоўку на адкрыццё звозілі з усёй краіны — нават з самых аддаленых куткоў.
Каб забяспечыць запоўненасць трыбун, у Мінск традыцыйна накіравалі чыноўнікаў і работнікаў бюджэтных арганізацый.
Дэлегацыя з Хойніцкага раёна. Фота: «Хойніцкія навіны»
Напрыклад, з Гомеля прывезлі не толькі ідэолагаў аблвыканкама, работнікаў прадпрыемстваў, але і бюджэтнікаў з раёнаў — нават такіх аддаленых як Ельскі, Хойніцкі, Брагінскі і іншыя.
Дэлегацыю, напрыклад, з Ельска ўзначальвала старшыня раённага Савета дэпутатаў Аксана Захарчанка.
Дэлегацыя з Ельскага раёна. Фота: «Народны голас»
Флагшток высветліў, у колькі мясцовым бюджэтам абышлася дастаўка «заўзятараў» у Мінск, каб выступ Лукашэнкі прайшоў пры запоўненых трыбунах.
Рэчыцкі райвыканкам аб'яўляў тэндар на транспартныя паслугі па дастаўцы дэлегацыі ў Мінск і назад у дзень адкрыцця стадыёна коштам 2,1 тысяч рублёў. А з Хойнікаў адпраўлялі 15 чалавек, таму наймалі мікрааўтобус, заплаціўшы за гэта 1,3 тысячы рублёў.
Чытайце таксама:
На матч футбольных зборных Беларусі і Расіі ўжо прадалі больш за 17 тысяч квіткоў
У Мінску адкрылі Нацыянальны футбольны стадыён
Лукашэнка прапанаваў паставіць у Мінску помнік Сі Цзіньпіну
Эдуарда Малафеева не запрасілі на адкрыццё Нацыянальнага стадыёна