БЕЛ Ł РУС

Літоўская рэжысёрка адказала Курэйчыку наконт скандальнага серыяла «Акрэсціна»

1.06.2025 / 9:0

Nashaniva.com

У Гарадскім судзе Вільні ідзе разбіральніцтва па справе аб аўтарскіх правах на серыял «Акрэсціна». Стужка прысвечана затрыманым у мінскім ІЧУ, але публіка так дагэтуль яе і не пабачыла.

Бэкстэйдж здымак серыяла «Акрэсціна». Скрыншот з відэа: Malanka Media / YouTube

Рэжысёр стужкі Андрэй Курэйчык зараз знаходзіцца ў ЗША і даведаўся пра працэс, у якім таксама ўдзельнічае кіраўнік «Маланка Медыя» і прадзюсар серыяла Павел Марыніч, выпадкова — з ліста на сваёй электроннай пошце. Суд дазволіў яму паглядзець матэрыялы справы, у тым ліку фінальную версію мантажу пілотнай серыі.

Як сцвярджае Курэйчык, ён не пабачыў у ёй адрозненняў ад сваёй працы, але заўважыў імёны літоўскіх спецыялістаў у цітрах. Іх, як яму здалося, маглі выкарыстаць фіктыўна.

Андрэй Курэйчык на здымках серыяла «Акрэсціна» ў Вільні. Скрыншот з відэа: Malanka Media / YouTube

«Наша Ніва» звярнулася да пазначанай у цітрах літоўскай рэжысёркі. Рамунэ Кудзманайце распавяла, што сапраўды ўдзельнічала ў працы над серыялам — са студзеня па чэрвень 2022 года.

«Я ўдзельнічала ў постпрадукцыі фільма. Пакуль гэта толькі пілотная серыя. Сцэнарый напісаў і здымаў фільм Андрэй Курэйчык, але потым, як мне расказалі прадзюсары, ён зманціраваў фільм за тыдзень і з'ехаў. Як бы кінуў недароблены прадукт.

Да мяне звярнуліся прадзюсары Павел Марыніч і Артурас Двінэліс з просьбай паправіць гэту пілотную серыю. Мы падпісалі дамову».

Рэжысёрка адзначыла, што памылка ў цітрах насамрэч ёсць — яна павінна быць падпісана як «рэжысёр постпрадукцыі».

«Але тое, што Курэйчык піша ў сваіх выказваннях, што маё прозвішча ўзялі, каб адмыць грошы прадзюсару, гэта абсалютны паклёп на мяне і на прадзюсараў», — кажа рэжысёрка.

Удзел Кудзманайце ў працы над праектам пацвердзіў і другі літоўскі чалец каманды, Артурас Двінэліс.

Серыял «Акрэсціна» здымаўся ў 2022 годзе. У праекце былі задзейнічаны ўкраінскія і беларускія акцёры ў эміграцыі, музыканты, актывісты: Павел Гарадніцкі, Маргарыта Ляўчук, Андрэй Ткачоў і іншыя. Здымачная каманда зняла толькі пілотны эпізод з запланаваных васьмі серый. 

Чытайце таксама:

«Аб беларускіх аўтараў выцерлі ногі». Курэйчык і Марыніч судзяцца за серыял «Акрэсціна»

Скандал з серыялам «Акрэсціна» — стваральнікі адстойваюць правы на праект

Першая серыя «Акрэсціна» не будзе даступная беларускаму гледачу

«Засуджу». Рэжысёр Курэйчык пракаментаваў навіну пра тое, што першая серыя «Акрэсціна» не будзе даступна беларусам

Каментары да артыкула