БЕЛ Ł РУС

«Упэўнены, ён і з канём каля аркі пагаварыў». Расійскі журналіст апісаў прыезд Лукашэнкі на парад

9.05.2025 / 21:24

Nashaniva.com

Спецыяльны карэспандэнт расійскага выдання «Коммерсантъ» Андрэй Калеснікаў выдаў рэпартаж пра тое, як сёння тыя сусветныя лідары, якія наважыліся наведаць Маскву для ўдзелу ў парадзе 9 мая, з'яўляліся ў Крэмль на прыём да Пуціна. У сваёй звычайнай з'едліва-іранічнай манеры ён апісаў і з'яўленне ў Крамлі Лукашэнкі з сынам Колем.

Лукашэнка пасля выхаду з машыны. Фота: Дзмітрый Азараў / Коммерсантъ

«Няспешны быў, спешыўшыся, прэзідэнт Беларусі (так Калеснікаў называе Лукашэнку — Рэд.) Аляксандр Лукашэнка. Ішоў, як звычайна заклаўшы руку за борт пінжака і на ўсё звяртаючы ўвагу. Упэўнены, ён і з канём каля аркі пагаварыў.

Паралельным курсам прайшоў, як звычайна не кідаючыся ў вочы, ягоны сын Мікалай. Ішоў упэўнена, як да сябе дадому, ды і тое сказаць — з дзіцячага ўзросту ў Крамлі».

Пасля Калеснікаў згадаў пра Лукашэнку ўжо падчас апісання самога парада, звярнуўшы ўвагу на тое, што ён, у адрозненне ад палітыкаў з іншых краін, не ўставаў, калі па Краснай плошчы ішлі ягоныя вайскоўцы:

«Пайшлі адзін за адным разлікі замежных вайскоўцаў. Першымі ішлі беларусы, і Аляксандр Лукашэнка добразычліва кіўнуў ім. Але за імі прайшлі казахстанцы, і Касым-Жамарт Такаеў устаў, калі яны маршыравалі міма. Аляксандр Лукашэнка паглядзеў на яго і паківаў галавой. Ці то кіўнуў, ці то не ўхваліў…

Лідары ўсіх краін, чые вайскоўцы ішлі потым строем па Краснай плошчы, уставалі, вітаючы сваіх, так што Аляксандр Лукашэнка застаўся тут у адзіноце. Нічога такога, ён быў першым і проста не падумаў, а паглядзець яшчэ не было на каго. Шкадаваў, вядома, але не паправіш.

А быць можа, Аляксандр Лукашэнка ў думках быў ужо ў Мінску, дзе ён у гэты дзень, як звычайна, таксама прымаў парад, і тут ужо стоячы».

Чытайце таксама:

Лукашэнка быў у Маскве без георгіеўскай стужкі. Наяўнасць або адсутнасць стужак падзяліла гасцей парада на дзве групы

Лукашэнка пра парад Перамогі ў Маскве: Гэта самы лепшы, самы моцны парад

Лукашэнку пасадзілі на Парадзе ў Маскве з Пашынянам, а Сі Цзіньпіна з Пуціным

Пуцін амаль не казаў пра вайну ва Украіне падчас Параду Перамогі

Аляксандр і Коля Лукашэнкі прыбылі на Парад Перамогі на Красную плошчу ў Маскве

Каментары да артыкула