На выбарах у Румыніі за выхад у другі тур змагаюцца нацыяналіст, ліберал і кансерватар
У адсутнасць Кэліна Джарджэску, прэзідэнцкія выбары 4 мая набылі тыповы для Еўропы характар.
Кандыдат у прэзідэнты Румыніі Нікушор Дан перад выбарчымі дэбатамі ў Бухарэсце, 29 красавіка 2025. Фота AP Photo / Vadim Ghirda
Апытанні грамадскай думкі ставяць на першае месцы Джорджэ Сіміона, старшыню правага і нацыяналістычнага Альянса за яднанне румынаў (Alianța pentru Unirea Românilor).
38-гадовы Сіміон, які адносна нядаўна з'явіўся на палітычнай арэне, выступае за аб'яднанне Румыніі і Малдовы. У астатнім ягоныя палітычныя погляды блізкія да тых, якіх трымаюцца Джорджа Мелоні і «Альтэрнатыва для Германіі». Тэмай ягонай магістарскай працы былі «Злачынствы камуністычнага рэжыму».
За выхад у другі тур змагаюцца таксама два правацэнтрыскія кандыдаты. Гэта Крын Антанеску і Нікушор Дан.
Кансерватара Антанеску падтрымлівае ўрадавая кааліцыя, што складаецца з левацэнтрыстаў сацыял-дэмакратаў, правацэнтрыстаў з кансерватыўнай Нацыянал-ліберальнай партыі (НЛП) і партыі венгерскай нацыянальнай меншасці. 65-гадовы Антанеску раней уваходзіў у НЛП і быў спікерам Сената, ён правераная фігура на румынскім палітычным полі.
55-гадовы Дан — прымар, гэта значыць мэр сталіцы краіны, Бухарэста. Дан раней узначальваў ліберальны Саюз за ўратаванне Румыніі (СУР), аднак на выбары ідзе як незалежны і антымэйнстрымавы кандыдат.
На чацвёртае месца сацыёлагі ставяць былога прэм'ера Віктара Понцю. Раней ён узначальваў сацыял-дэмакратычную партыю, пасля стварыў цэнтрысцкую палітычную сілу.
Толькі пятай гэтым разам ідзе Элена Ласконі ад СУР, якая на выбарах 2024 года выходзіла ў другі тур разам з Кэлінам Джарджэску.
Кэлін Джарджэску. Фота: AP Photo/Vadim Ghirda
Джарджэску перамог у першым туры прэзідэнцкіх выбараў, набраўшы 22.94% галасоў, ён павінен быў пазмагацца за прэзідэнцкі пост у другім туры. Аднак Канстытуцыйны суд скасаваў вынікі першага тура з-за замежнага ўмяшання ў выбарчы працэс. Паводле даных спецслужбаў, за Джарджэску ў тыктоку агітавалі дзясяткі тысяч ботаў, якіх звязваюць з Крамлём.
Джарджэску выступаў за падзел Украіны між суседнімі дзяржавамі і апраўдваў дзеянні румынскіх фашыстаў-легіянераў часоў Другой сусветнай.
У ахоўніка Джарджэску следчыя знайшлі 1,5 мільёна даляраў наяўнымі пад паркетам. Яшчэ 7,2 мільёны ён з братам атрымаў з Афрыкі на рахункі.
Тайнік Потра. Фота: g4media.ro
Былы баец Замежнага легіёна, ахоўнік Джарджэску Гарацыу Потра працаваў наёмнікам у Афрыцы і раптам пайшоў у палітыку. Яго называюць таксама «румынскім Прыгожыным». З пачатку 1990-х гадоў Потра быў у афрыканскіх і арабскіх краінах замежным легіянерам, целаахоўнікам, начальнікам аховы, ваенным інструктарам. Затым узначаліў групу румынскіх наёмнікаў накшталт ПВК «Вагнер». У верасні мінулага года, перад выбарамі, ён лётаў у Маскву.
Да ўдзелу ў перавыбарах Кэліна Джарджэску не дапусціў ЦВК.