БЕЛ Ł РУС

Памятаеце пару студэнткі і выкладчыка, дзе ён старэйшы на 31 год? Аказваецца, ён быў святаром, а яна вучылася на рэгентку

3.05.2025 / 13:16

Nashaniva.com

Мужчына закахаўся ў маладую дзяўчыну, кінуў працу святара і развёўся з жонкай, каб быць з Анфісай.

Анфіса і Сяргей Федарук. Фота з іх інстаграма

Летась Сяргей і Анфіса Федарук сталі зоркамі сацыяльных сетак. Гісторыю кахання студэнткі і выкладчыка, які старэйшы за дзяўчыну на 31 год, абмяркоўваў шмат хто.

Тады яны расказвалі, што пазнаёміліся ў нейкім мінскім каледжы, дзе Анфіса вучылася на дырыжорку.

У хуткім часе пасля першага пацалунку Сяргей зразумеў, што рана ці позна пра раман стане вядома, а яго праца выкладчыкам будзе скончана. Таму праз паўгода звольніўся сам. Анфіса перайшла на завочнае аддзяленне, але дыплом атрымаць так і не змагла. Яна казала, што педагагічны калектыў не быў гатовы прыняць усю гэтую сітуацыю, таму ёй прыйшлося кінуць вучобу.

View this post on Instagram

A post shared by АНФИСА ФЕДОРУК • ты офигеешь от моей жизни! (@wfisaw)

Нядаўна Анфіса вырашыла расказаць пра іх гісторыю кахання больш падрабязна.

Аказалася, Сяргей шмат гадоў быў праваслаўным святаром, а Анфіса вучылася ў духоўным вучылішчы: першыя два гады на пеўчага, а потым яшчэ амаль тры на рэгента (кіраўніцу царкоўнага хору).

Сяргей у былыя часы. Фота: minda.by

Дзяўчына кажа, што бывала ў царкве з маленства, з сямі гадоў пачала трымаць пост. Таму не дзіўна, што хацела звязаць сваю будучыню з царквой і паступіць у духоўнае вучылішча на рэгента.

— Я марыла туды паступіць з 15 гадоў. Амаль кожны дзень хадзіла на службы, глядзела на хор, слухала спевы, падпявала ўбаку і захаплялася. Паступаць на дзённае аддзяленне на рэгента можна было толькі пасля 11 класа. Мне паставілі ўмову, што пасля 9 класа мяне прымуць на вячэрняе аддзяленне на пеўчага, а адначасова я буду заканчваць 10—11 клас у школе. А пасля 11 класа перавядуся на дзённае аддзяленне на рэгента.

Анфіса. Фота з яе інстаграма

Так і адбылося. Але ж у жыцці ўсё аказалася складана: выходны ў Анфісы быў толькі адзін — панядзелак. У іншыя будні па пяць пар плюс індывідуальныя заняткі. У суботу і нядзелю практыка ў царкве. Дзяўчына скардзіцца, што часу на жыццё ў яе зусім не заставалася. Праз гэта ёй прыйшлося кінуць свой блог на YouTube, які Анфіса вяла з 10 гадоў. Там было больш за 56 тысяч падпісчыкаў.

Плюс да таго для студэнтаў духоўнага вучылішча існавала шмат забарон, якія Анфісе было складана прыняць. Напрыклад, патрабавалі ствараць набожны вобраз у сацыяльных сетках. А маладой дзяўчыне хацелася выкладаць фотаздымкі ў міні-спадніцах і купальніках.

Анфіса за два гады набрала 30 кілаграмаў, перастала цікавіцца тым, як выглядае, а думала толькі пра вучобу. У асабістым жыцці дзяўчыны кіпелі жарсці.

У 15 гадоў, па яе словах, да яе заляцаўся дыякан, які хацеў рамантычных адносін з непаўналетняй. Атрымаўшы адмову, ён пачаў распускаць плёткі, быццам дзяўчына сама спрабавала яго спакусіць.

— У 18 гадоў ледзь не выйшла замуж па бласлаўленні за ўцаркоўленага маладога аб'юзера, які зрабіў мне прапанову ў царкве! Бацюшка казаў, што ён мой лёс. Але Госпад ведае больш, чым любы бацюшка.

Дзяўчына расказвае, што той самы хлопец (ён быў дзячком) падымаў на яе руку і кідаўся на яе з нажом, пасля чаго Анфіса звярнулася ў міліцыю. Яна таксама кажа, што пасля дзячок нейкі час пераследаваў яе і пагражаў.

Сяргей жа больш за 30 гадоў быў святаром. У сацсетках Анфіса распавядае, што зарабляў яе абраннік каля 200 даляраў, таму ўвесь час быў вымушаны падпрацоўваць — выкладчыкам, кухарам, таксістам ці грузчыкам.

У мужчыны на момант пачатку раману са студэнткай была сям’я: жонка і дзеці (ужо ўсе дарослыя). Анфіса тлумачыць: для Сяргея было немагчымым развесціся з першай жонкай, ажаніцца другі раз і пасля ўсяго гэтага застацца святаром. Таму трэба было абраць адзін з трох варыянтаў: расстацца з Анфісай, хаваць раман, каб захаваць сан, ці развесціся і пакінуць царкву.

Дзяўчына сцвярджае, што ёй самой на педагагічнай радзе раілі «быць разумнейшай» і не афішаваць адносін з каханым, каб і ён застаўся святаром, і яна атрымала дыплом.

Бацькі Анфісы, дарэчы, добра прынялі яе абранніка — хоць ён нават старэйшы за тату дзяўчыны. Летась пара афіцыйна пабралася шлюбам, а працаваць маладыя вырашылі блогерамі. Іх блогі ў розных сацыяльных сетках сапраўды актыўна растуць.

У інстаграме на два іх акаўнты падпісана агулам 50 тысяч чалавек. У тыктоку яны маюць больш за 72 тысячы падпісчыкаў і яшчэ каля 9 тысяч падпісчыкаў у тэлеграме.

Сёлета пара выехала з Беларусі — дзяўчына сцвярджае, што назаўсёды. Матывацыя простая: вырашылі, што відэа можна здымаць у любой краіне, а трымацца за Мінск асаблівага сэнсу няма. Але з канчатковым месцам для жыцця не вызначыліся. Сяргей і Анфіса хочуць пажыць у розных краінах і гарадах, каб зразумець, дзе лепш за ўсё сябе адчуваюць. Цяпер, напрыклад, яны вандруюць па Ізраілі.

Чытайце таксама:

23-гадовая беларуска выжыла ў жудасным ДТЗ, але цяпер не можа хадзіць. Яе гісторыя даказвае, што каханне існуе

Наталля Цылінская: Замужам я была чатыры разы. Мы створаны, каб нас насілі на руках, калі крыху буйнейшая — пакліч сябра

Дачка дэпутата з Ашмян трапіла на дзяржслужбу. Для гэтага яна кінула неўязнога хлопца

Чаму мы ўлюбляемся? Навукоўцы абвяргаюць стэрэатыпы

Каментары да артыкула