БЕЛ Ł РУС

Сыраварня ў Копысі, якую ўчора інспектаваў Лукашэнка, належыць Сяргею Цяцерыну. Але, відаць, не надта яго радуе 

22.04.2025 / 17:37

Nashaniva.com

21 красавіка 2025 года Аляксандр Лукашэнка «раптоўна» прыехаў у цэх па вытворчасці сыроў ТАА «Мілккоп старт» у Копысі. Ягоная прэс-служба заявіла, што менавіта Лукашэнка быў ініцыятарам адраджэння гэтай вытворчасці. Reform.news даведалася, каму канкрэтна належыць гэтае прадпрыемства на малой радзіме Лукашэнкі.

Аляксандр Лукашэнка разам з Сяргеем Цяцерыным адзначаюць перамогу тэнісісткі Арыны Сабаленкі, 2023 год. Фота: скрыншот з відэа

Копысь, у якім па стане на 2023 года жыве 628 чалавек (2023 год) і які афіцыйна лічыцца радзімай Лукашэнкі, прапаганда называе гарадскім пасёлкам будучыні. Там пабудавалі новую дрэваапрацоўчую лінію, сыраварню, міні-пякарню, цэнтр народнай творчасці з вытворчасцю керамікі і банкетнай залай.

Сыраварня і пякарня належаць ТАА «Мілккоп старт». Гэта прадпрыемства было зарэгістравана ў кастрычніку 2023 года. У яго толькі адзін уладальнік — сялянская (фермерская) гаспадарка «Старт ТС», дырэктарам якой пазначаны Сарагавец Сяргей Іванавіч.

Скрыншот выпіскі з АДР

Але сапраўдны ўладальнік «Старт ТС» — не просты фермер. Гаспадарку стварыў былы трэнер па тэнісе, а цяпер уплывовы бізнэсмен Сяргей Цяцерын. Ён уваходзіць у найбліжэйшае кола Аляксандра Лукашэнкі і часта мільгае ў кадры разам з ім.

Згодна з выпіскай з адзінага дзяржрэгістратара юрыдычных асоб і ІП, Цяцерыну належыць 100% фермерскай гаспадаркі.

Скрыншот выпіскі з АДР

Сваю латыфундыю Цяцерын пачаў ствараць у 2018 годзе пад ціскам Лукашэнкі. Для галаўной сядзібы прыдворны бізнэсмен абраў вёску Хімы Аршанскага раёна. Яна знаходзіцца за некалькіх кіламетраў ад Копысі і вёскі Александрыя Шклоўскага раёна на другім беразе Дняпра, адкуль паходзіць род Лукашэнкі і дзе ён сам правёў сваё дзяцінства. 

Цяцерын некалькі гадоў скупляў у гэтай мясцовасці ўчасткі «для вядзення сялянскай (фермерскай) гаспадаркі». Агульная плошча зямлі, якая цяпер у ягоным кіраванні — прыкладна 29 гектараў.

Але выглядае, што Цяцерыну цяпер надакучыла займацца сыраробствам (калі ўвогуле хоць калі гэта і так падабалася), і няпрофільны актыў ён хацеў бы скінуць на дзяржаву. Гэта вынікае з апублікаванага прэс-службай Лукашэнкі відэа ягонай размовы са сваімі чыноўнікамі, якая не ўвайшла ў афіцыйны прэс-рэліз.

«Ну а па гэтым сырзаводзе прынцыпова разбірайся. Калі не спраўляецца — філіялам да Шклоўскага завода, там можна зрабіць. Ты ж бачыш, што там шыкоўнае прадпрыемства», — звярнуўся Лукашэнка да свайго кіраўніка спраў Юрыя Назарава.

Той, аднак, не вельмі хоча гэтым займацца і спрабаваў перавесці стрэлкі на кіраўніка НАНБ Уладзіміра Гусакова, у якога нібыта ёсць шмат чырвоных кароў і які даўно просіць пад перапрацоўку іх малака нейкае прадпрыемства. 

Чытайце таксама:

Лукашэнка абвінаваціў у праблемах на «Амкадоры» ягонага былога ўладальніка

Леснікам дазволяць прыватызаваць арэнднае жыллё

Колькі зарабіла кампанія Баскава на мерчы Лукашэнкі

Лукашэнка зноў паабяцаў беларусам «асабліва складаны» год

Каментары да артыкула