Махляры выцягнулі з жанчыны паўмільёна рублёў, прыкінуўшыся гэбістамі
Ашуканцы пад выглядам супрацоўнікаў КДБ выманілі ў жыхаркі Мінска паўмільёна рублёў. Яны паведамілі 41-гадовай жанчыне, што яна падазраецца ў фінансаванні «экстрэмісцкай дзейнасці», паведамляе прэс-служба Следчага камітэта.
Паводле матэрыялаў справы, 17 лютага жанчыне ў тэлеграме патэлефанаваў мужчына і прадставіўся супрацоўнікам КДБ. Ёй паведамілі, што па месцы жыхарства ў яе правядуць ператрус і ўсе выяўленыя грошы забяруць.
Каб захаваць свае грошы, махляр прапанаваў іх задэклараваць. Жанчына адпрасілася з працы і паехала дадому, каб сабраць валюту. Назбіралася ў яе ў выніку сума памерам недзе ў паўмільёна рублёў у эквіваленце. Пасля гэтага беларуска паехала на сустрэчу з мужчынам па пазначаным адрасе, дзе перадала яму грошы.
Пасля прыезду дадому жанчына стала аналізаваць свае дзеянні і наткнулася на паведамленне пра ашуканцаў. Зразумеўшы, што аддала свае грошы ім, яна адправілася ў міліцыю.
Цяпер следчыя распачалі крымінальную справу паводле артыкула аб махлярстве, учыненым у асабліва буйным памеры (частка 4 артыкула 209 КК).
Чытайце таксама:
Мінчанка паставіла камеры ў кватэры маці і так злавіла махляра
Ашуканцы выцягнулі ў мінчука больш за 20 тысяч рублёў і параілі яму «не сумаваць»
Пільная работніца банка ў Маладзечне зберагла грошы наведніка ад пераводу махлярам