БЕЛ Ł РУС

Амерыканцы дабіліся вызвалення Юрыя Зянковіча. Ён быў прысуджаны да 13,5 года зняволення

30.04.2025 / 19:55

Nashaniva.com

Пра тое, што выйшаў на свабоду беларускі палітвязень, абвясціў дзяржсакратар ЗША Марка Рубіа. CNN кажа, што гаворка пра Зянковіча.

Юрась Зянковіч пасля магілёўскай турмы ў канцы 2024 года (злева) і да арышту (справа)

Зянковіч, грамадзянін Беларусі і ЗША, знаходзіўся за кратамі з вясны 2021 года, калі быў арыштаваны ў Маскве за ўдзел у віртуальнай спробе «дзяржаўнага перавароту». Спецслужбісты скарысталіся наіўнасцю Зянковіча і прапанавалі яму і палітолагу Аляксандру Фядуту узначаліць выступ сілавікоў супраць Аляксандра Лукашэнкі. Тыя пагадзіліся і трапілі на кручок.

Юрась Зянковіч нарадзіўся ў 1977 годзе ў Мінску. Быў актывістам Партыі БНФ, абіраўся ў Ждановіцкі сельскі савет і Мінскі райсавет на мясцовых выбарах. Калі быў дэпутатам, дабіўся, каб у пасёлку была вуліца Васіля Быкава. У 2007 годзе Зянковіч разам з бацькамі эміграваў у ЗША, атрымаў там грамадзянства. Займеў там адвакацкую ліцэнзію, займаўся міграцыйнымі справамі. Часта прыязджаў у Беларусь, спрабаваў вылучацца ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, заяўляў пра прэзідэнцкія амбіцыі.

Зянковіч падпісаў пагадненне са следствам, але ў выніку атрымаў 11 гадоў зняволення — нават больш, чым Фядута і Рыгор Кастусёў, яшчэ адзін удзельнік «змовы». Кастусёва дадалі ў чат, ён не прымаў актыўнага ўдзелу ў абмеркаванні, але так і не знайшоў у сабе сілы выйсці з чата.

Юрась Зянковіч у судзе ў 2022 годзе

Зянковіча адправілі ў бабруйскую калонію, дзе ён адразу апынуўся пад ціскам. З часам яго перавялі на турэмныя ўмовы ў Магілёў, але па-ранейшаму перыядычна закідвалі ў ШІЗА, забаранялі атрымліваць перадачы і не давалі магчымасці закупляцца ў турэмнай краме.

Тэрмін тым часам павялічылі да 13,5 года — паўгода дадалі за «абразу» прадстаўнікоў ўлады ў інтэрнэце, а два гады — за непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі.

У Магілёве Зянковіч знаходзіўся да канца лета 2024, калі прапаганда вырашыла згуляць амерыканскую карту. Зянковіча перавезлі ў СІЗА КДБ, дзе знялі ў прапагандысцкім фільме, у якім ён папрасіў Дональда Трампа і Камалу Харыс — у залежнасці ад таго, хто стане прэзідэнтам ЗША — дапамагчы яму вярнуцца ў Тэхас. Аднак у інтэрнэце пасля гэтага абмяркоўвалі перадусім не сказанае Зянковічам, а яго знешні выгляд. Палітык у кадры выглядаў вязнем канцлагера.

17 студзеня 2025 года з’явілася новае відэа з удзелам Зянковіча. Ён выглядаў значна лепш, а здымалі яго не ў турэмнай робе ў СІЗА, а ў памяшканні гатэля «Еўропа» ў цэнтры Мінска. Статус Зянковіча заставаўся незразумелым.

Юрась Зянковіч у студзені 2025 года

Чытайце таксама:

Фядута: Сапраўдным арганізатарам змовы быў Шчыгельскі, а сувыканаўцам — Зянковіч

Макар рассварыўся з Карач і заявіў, што Зянковіч паляцеў у Маскву пад яе гарантыі бяспекі

Хто такі Юрась Зянковіч — амерыканскі адвакат, які меў каласальнае жаданне звяртаць на сябе ўвагу

Каментары да артыкула