БЕЛ Ł РУС

Першае палітычнае забойства ў Беларусі: выбух у цэнтры горада і дзіўная гібель галоўнага падазраванага

6.07.2025 / 7:0

Nashaniva.com

Раніца звычайнага восеньскага дня 1997 года абярнулася страшнай навіной для Магілёва. У пад'ездзе свайго дома не стала дэпутата і кіраўніка абласнога Дзяржкантролю Яўгена Мікалуцкага. Чаму яго забілі, ці былі знойдзены вінаватыя і як Лукашэнка выкарыстаў гібель паплечніка для расправы над сваімі апанентамі?

Магілёў. Раніца панядзелка. У сям’і Мікалуцкіх пачынаецца чарговы тыдзень — дарослыя, Яўген і Ала, збіраюцца на працу, а іх дачка-першакурсніца Алеся — на пары ва ўніверсітэце. Усе былі ў гуморы: папярэдні дзень яны правялі на прыродзе.

Праўда, перад сном Ала Мікалуцкая пачула дзіўныя гукі зверху: над іх кватэрай на апошнім паверсе быў тэхнічны паверх, і жанчына падумала, што туды залезлі бамжы. Раніцай яна збіралася расказаць пра гэта мужу, каб той выгнаў няпрошаных гасцей.

Яўген Мікалуцкі. Фота: Tut.by

Муж Алы, Яўген Мікалуцкі, у свае 37 гадоў ужо зрабіў выдатную кар’еру: быў дэпутатам беларускага парламента і кіраваў Дзяржкантролем Магілёўскай вобласці. На гэтую пасаду яго прызначыў асабіста Аляксандр Лукашэнка — абодва былі са Шклова і добра ведалі адзін аднаго яшчэ з часоў дэпутацтва апошняга.

Яўген Мікалуцкі (злева) і Аляксандр Лукашэнка. Фота: Tut.by

У 1994-м Мікалуцкі разам з жонкай былі ў лукашэнкаўскай камандзе і ездзілі агітаваць за яго. Той пасля выбараў даручыў маладому прынцыповаму паплечніку ствараць камітэт Дзяржаўнага кантролю ў Магілёўскай вобласці. Гэтая структура ў першыя гады незалежнасці называлася па-рознаму — то кантрольная палата, то служба кантролю прэзідэнта Беларусі. Яна была патрэбная, каб сачыць за тым, як трацяцца дзяржаўныя грошы, і прадухіляць ці расследаваць эканамічныя злачынствы.

На пярэднім плане — Аляксандр Лукашэнка, за яго левым плячом — Яўген Мікалуцкі. Здымак з музея школы ў аграгарадку Фашчаўка, дзе вучыўся апошні. Фота: Tut.by

У дзевяностыя для КДК працы было мора — у Беларусі квітнелі бандытызм, карупцыя і кантрабанда. Яўгену Мікалуцкаму па сутнасці давялося ствараць рэгіянальны орган з нуля — у магілёўскага дзяржкантролю не было ні офіса, ні абсталявання, ні нават супрацоўнікаў. Першы час яго кіраўніку даводзілася ездзіць на працу са Шклова, але ў 1995-м сям’я пераехала ў абласны цэнтр і пасялілася ў шматпавярховіку на Вялікай Машэкаўскай вуліцы.

Але вернемся ў той наканаваны дзень — 6 кастрычніка 1997 года. Тады, як і кожны панядзелак, чыноўніку трэба было быць на планёрцы ў аблвыканкаме. Машына да дома прыязджала ў 7:45, і на ёй у горад ехалі ўсе Мікалуцкія — галава сямейства выходзіў на плошчы Леніна, жонка Ала — каля падатковай інспекцыі, а дачку Алесю кіроўца падвозіў да ўніверсітэта. Гэта паспела стаць нечым кшталту рытуалу ў сям’і, але ў той злашчасны дзень у студэнткі адмяніліся першыя пары, і яна засталася дома. Гэта, імаверна, уратавала ёй жыццё.

Сыходзячы, бацька пажартаваў, каб дачка нікому не адчыняла дзвярэй — калі хто спытае, дзе мама і тата, то Алесі трэба было адказаць, што тыя зараджаюць кулямёт. Пасля таго, як сужэнцы зачынілі дзверы, Ала Мікалуцкая пачула, як зарыпелі дзверы тэхнічнага паверху, і згадала пра сваё жаданне нагадаць мужу пра начныя гукі і бамжоў.

Выбітыя вокны ў пад'ездзе дома, дзе жыў Яўген Мікалуцкі. Скрын відэа: BelarusOneTV / YouTube

Але тут прагучаў магутны выбух. Жанчына не адразу зразумела, што адбылося. Ёй здавалася, што муж спатыкнуўся і пачаў падаць на яе. Вакол узняўся пыл, нешта пачало валіцца, акрамя таго, страшэнная выбуховая хваля павыбівала дзверы ў суседзяў.

Калі Ала Мікалуцкая падняла галаву, то пабачыла адарваную руку мужа і яго самога з вялікай ранай у жываце. Яна сама сцякала крывёй, але крычала, каб дапамагалі параненаму мужчыну. Аднак медыкам, якія прыбылі на Вялікую Машэкаўскую, заставалася толькі канстатаваць смерць Яўгена Мікалуцкага ад страты крыві і разрыву ўнутраных органаў. 

Сапёры ля пад'езда дома. Фота: Tut.by

Сапёры высветлілі, што смяротную выбуховую прыладу зрабілі з артылерыйскага снарада часоў Другой сусветнай вайны і тратылавай шашкі, а пасля заклалі ў смеццеправод. Побач з целам забітага чыноўніка выявілі яшчэ адну частку, якая не разарвалася, таму ахвяр трагедыі магло быць нашмат больш. Замоўцы і выканаўцы замаху выдатна ведалі, у які час Мікалуцкія выходзіць з дома, і, падобна, хацелі адным выбухам забіць усю сям’ю.

Тым не менш Ала Мікалуцкая выжыла. У бальніцы ў жанчыны налічаць 13 пераломаў скроні і пашкоджанні галавы ды вачэй. Яе жыццё выратуюць медыкі, якіх Лукашэнка адправіць з Мінска ў Магілёў верталётам. Жанчына не ведала, што ейны муж загінуў, і прасіла пакласці іх разам у адну палату. Пра страту ёй стане вядома ўжо пасля таго, як Яўгена Мікалуцкага пахаваюць.

Развітанне з чыноўнікам і дэпутатам прайшло праз дзень пасля яго гібелі, 8 кастрычніка. Прыехаў і Аляксандр Лукашэнка, якога ахоўваў чалавек у дзіўным шлеме. Прычым на жалобнай цырымоніі Лукашэнка заявіў, што сапраўднай цэллю забойцаў быў ён сам:

Аляксандр Лукашэнка на выступае на пахаванні Яўгена Мікалуцкага. Скрын відэа: slava181260 / YouTube

«Яны доўга падбіраліся да прэзідэнта. Не атрымалася. Вырашылі пачаць з людзей, якія былі побач з прэзідэнтам, якія заўсёды выконвалі яго волю па першым яго патрабаванні».

А пасля перайшоў да адкрытых пагроз і ўльтыматумаў:

«Я папярэджваю ўсіх тых паганых, якія здзейснілі гэта паскуднае злачынства — калі праз тыдзень уладам не будуць перададзены тыя, хто замовіў яго (а яны тут), мы прадпрымем адэкватныя меры. І яны будуць яшчэ больш жорсткімі за гэта гнюснае злачынства».

Але Лукашэнка не быў бы Лукашэнкам, каб не павярнуў нават такую страшную сітуацыю сабе на карысць. Ён выкарыстаў гэтае забойства для запалохвання банкіраў і прадпрымальнікаў, выставіўшы жорсткі ўльтыматум і ім таксама:

«Я папярэджваю ўсіх, хто паднізваецца на ніве несумленнай камерцыі, брудных грошай, усіх так званых прадпрымальнікаў і банкіраў, брудных прадпрымальнікаў і банкіраў. У вас дзесяць дзён, каб разлічыцца з дзяржавай, каб выплаціць запазычанасці, каб урэгуляваць адносіны з дзяржаўнымі органамі ўлады. Праз дзесяць дзён мы не будзем шукаць масы доказаў, кожнае ваша правапарушэнне, нават самае дробнае выкліча немінучыя патрабаванні ў рамках законаў нашай дзяржавы».

Расследаванне забойства чыноўніка, якое адразу засакрэцілі, Лукашэнка ўзяў пад асабісты кантроль.

Але ж каму магла быць выгаднай расправа над Мікалуцкім? Ён быў уплывовым чалавекам у рэгіёне, але калі б забойцы хацелі падабрацца непасрэдна да Лукашэнкі, хутчэй за ўсё, выбралі б больш высокапастаўленую фігуру ў ягоным атачэнні. Таму забойства кіраўніка магілёўскага дзяржкантролю відавочна было звязанае канкрэтна з ягонай дзейнасцю.

Тым больш незадоўга да трагедыі ён сам заявіў журналістам пра пагрозы. Расказваючы пра змаганне з так званай гарэлачнай мафіяй, якая займалася перапраўкай алкаголю з балтыйскіх краін у Расію праз Беларусь, Мікалуцкі адзначыў, што па яго абяцалі даслаць снайпера. 

А за тры месяцы да забойства чыноўніка каля дома падпільнаваў крымінальны аўтарытэт Ткач, які хацеў паразмаўляць з Мікалуцкім. Але той катэгарычна адмовіў, сказаўшы, што гаварыць будзе толькі ў сваім кабінеце. Пасля той кароткай сустрэчы кіраўніка мясцовага дзяржкантролю літаральна трэсла, бо ён лічыў Ткача страшным чалавекам, які трымаў увесь Магілёў. 

Жонка тады настаяла на тым, каб Мікалуцкі звярнуўся ў КДБ, што ён і зрабіў. Цэлы месяц у іх дома ляжала прылада, якая выяўляла праслухоўку. Ала Мікалуцкая скардзілася на нейкі дзіўны шум у тэлефоне, а таксама перыядычна ў кватэры спрацоўвала сігналізацыя. Але муж яе запэўніваў, што калі нешта здарыцца, то надзейныя сябры ніколі не кінуць яго сям’ю. 

Следчыя і чэкісты адразу ўзяліся актыўна расследаваць забойства Яўгена Мікалуцкага, якое было кваліфікаванае як тэракт. Раскрыццю павінен быў паспрыяць і лукашэнкаўскі дэкрэт «Аб неадкладных мерах па барацьбе з тэрарызмам», які даў права сілавікам затрымліваць любога падазраванага на тэрмін да месяца. Яны літаральна рылі зямлю: абшуквалі падазроныя аб’екты і закінутыя гаражы. Так удалося знайсці амаль два дзясяткі тайнікоў са зброяй, якія дазволілі сышчыкам выйсці на таго самага Ткача, які дабіваўся размовы з Мікалуцкім.

Валерый Ткачоў

Ткачу (ці Валерыю Ткачову) было 50 гадоў. Калісьці ён працаваў у Камітэце дзяржаўнай бяспекі, дзе займаўся праслухоўкай, але яго выгналі за нешараговую правіну — паляванне на кабана з табельнай зброяй. Са звальненнем мужчына перакваліфікаваўся ў прадпрымальніка з сувязямі ва ўсіх сферах. Два гады ён адсядзеў у СІЗА па падазрэнні ў стварэнні злачыннай групоўкі, але тую справу Ткачоў лічыў сфальсіфікаванай былымі калегамі па КДБ.

Ткач ездзіў на дарагіх машынах і збіраў кампрамат на ўсіх запар. Ён не хаваў, што праслухоўвае даішнікаў, міліцыю і нават службу бяспекі Лукашэнкі, бо ведаў іх радыёчастоты і меў адпаведнае абсталяванне. Сярод тых, за кім сачыў Ткач, быў і Яўген Мікалуцкі — больш за год аўтарытэт назіраў за чыноўнікам і дасканала высветліў ягоны лад жыцця і працоўны графік. 

Пасля затрымання Ткачоў не стаў абвяргаць, што сапраўды спрабаваў сустрэцца з кіраўніком дзяржкантролю. Гэта здарылася пасля таго, як ён падаў у суд на ўпраўленне КДБ па Магілёўскай вобласці, — пазоў тычыўся абароны гонару і годнасці. Усе прыёмныя дні Мікалуцкага былі распісаныя, таму Ткач пачаў высвятляць, дзе той жыве. І аказалася, што яны суседзі, але размовы тады так і не выйшла.

Заставалася няясным, навошта Ткачову з паплечнікамі было забіваць кіраўніка магілёўскага дзяржкантролю. Але высветліць гэта ў галоўнага фігуранта аказалася немагчымым, бо 27 снежня таго ж 1997 года яго знайшлі мёртвым у камеры следчага ізалятара.

Па афіцыйнай версіі, Ткач зрабіў вяроўку і засіліўся на нарах. Перад смерцю падазраваны напісаў ліст генпракурору Беларусі, у якім расказаў пра ціск і катаванні, а таксама пра тое, што ад яго выбівалі прызнанні не толькі ў забойстве Мікалуцкага, але і ў падрыхтоўцы замаху на Лукашэнку.

Сябры Ткачова не верылі ў самагубства. Яны меркавалі, што гэта была расправа, каб на судзе той не выдаў імёнаў высокапастаўленых замоўцаў. Таксама Ткач нібыта ведаў праз праслухоўку спецслужб пра існаванне ў Беларусі групіроўкі, якая займаецца ліквідацыяй крымінальных аўтарытэтаў і якая пазней стане вядомай як «лукашэнкаўскі эскадрон смерці». 

Мікалай Лапацік

Але ж міліцэйскі генерал Мікалай Лапацік быў упэўнены, што Мікалуцкага забіў менавіта Ткачоў і што ў крымінальнай справе ўсё было даказана. Генерал згадваў, што пасля допыту аўтарытэт заявіў, што раскажа ўсё, але ад яго расказу стане гідка. Па меркаванні Лапаціка, былы кадэбэшнік проста не вытрымаў прынізлівай перспектывы надоўга сесці ў турму і знёс свае сакрэты ў магілу.

Імя генерала Лапаціка яшчэ прагучыць на ўсю краіну ў кантэксце ўсё таго ж «эскадрона смерці». У 2000 годзе ён напісаў рапарт пра расстрэльны пісталет, які выдаваўся напярэдадні знікнення апазіцыйных палітыкаў Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара. Пасля гэтага Лапаціка адправілі на пенсію. 

Але вернемся да справы Мікалуцкага. Следчая група прыйшла да высновы, што чыноўнік змагаўся са злачыннымі задумамі Ткачова, а той, у сваю чаргу, хацеў перашкодзіць ягонай службовай і палітычнай дзейнасці. У такіх фармулёўках не было канкрэтыкі, але гэта людзей у пагонах не хвалявала. Узарвалі і ўзарвалі. 

У канцы 1998 года следства па справе завяршылася, а наступнай вясной пачаўся і закрыты судовы працэс. На лаве падсудных апынуліся трое мужчын — Віктар Янчэўскі, Раман Радзікоўскі і Анатоль Гаўрылаў. Янчэўскі нібыта дапамагаў Ткачову сачыць за Мікалуцкім — яго апазнала Ала Мікалуцкая, —Радзікоўскі забяспечваў банду зброяй, а 22-гадовы Гаўрылаў сябраваў з сынам галоўнага фігуранта і раз-пораз выконваў ягоныя даручэнні.

Пацярпелым па справе Мікалуцкага быў прызнаны і Аляксандр Лукашэнка. Бо згодна з паказаннямі Анатоля Гаўрылава, які адзіны пагадзіўся супрацоўнічаць са следствам, Ткачоў здымаў кватэру ў Мінску недалёка ад рэзідэнцыі ў Драздах. Разам з Янчэўскім ён назіраў за перамяшчэннямі Лукашэнкі і планаваў закласці бомбу на шляху картэжа. Гаўрылаву паверылі, бо той указаў сакрэтныя радыёчастоты лукашэнкаўскіх спецслужбаў.

Але следчым так і не ўдалося высветліць матываў Ткачова, акрамя асабістай нелюбові да Лукашэнкі. Падрыхтоўку замаху на Лукашэнку вылучылі ў асобную справу, але яна нічым не скончылася. 

Віктар Янчэўскі

Суд над Янчэўскім, Радзікоўскім і Гаўрылавым прайшоў хутка — усяго за два месяцы. На яго не пускалі журналістаў, што Ала Мікалуцкая называла нонсэнсам. Сама яна хадзіла на пасяджэнні, і на першым пажадала абвінавачаным здохнуць. Але з часам настрой жанчыны мяняўся, і яна нават заявіла, што ёй сорамна знаходзіцца ў судзе.

Яна чакала, што будуць названыя замоўцы гібелі ейнага мужа, а па выніку на лаве апынуліся нейкія, па яе словах, адмарозкі, якія на працэсе будуць заяўляць пра катаванні падчас следства. Таксама пацярпелая згадала, як Мікалуцкі расказваў пра злоўжыванні, у якіх падазраваў высокіх чыноў. Але ж нікога з тых высокіх чыноў на лаве падсудных не аказалася.

У выніку фігурантаў прызналі вінаватымі, але не ў забойстве, а ў бандытызме, падрыхтоўцы замаху на Лукашэнку і незаконным абароце зброі. Віктар Янчэўскі атрымаў 11 гадоў калоніі, Анатоль Гаўрылаў — 5, а Раман Радзікоўскі — 4. Прычым апошні адразу выйшаў на волю па амністыі як ліквідатар чарнобыльскай аварыі. Ад матэрыяльных прэтэнзій да асуджаных Ала Мікалуцкая адмовілася, бо так і не была даказаная іх датычнасць да забойства ейнага мужа.

Такім чынам на галоўныя пытанні — хто і навошта забіў Яўгена Мікалуцкага — суд адказу так і не даў. Пасля прысуду жанчына хадзіла па розных інстанцыях, але ёй адказвалі: крымінальная справа не закрытая і не мае тэрміну даўніны. 

Дэпутацкае месца Яўгена Мікалуцкага ў парламенце. Скрын відэа: slava181260 / YouTube

Справу Мікалуцкага Лукашэнка выкарыстаў і для палітычных чыстак. Пасля гібелі паплечніка ён ускосна абвінаваціў у датычнасці да яе міністра сельскай гаспадаркі Васіля Лявонава і кіраўніка аграфірмы «Світанак», двойчы Героя сацыялістычнай працы Васіля Старавойтава. Нібыта Мікалуцкі збіраўся расказаць пра маштабныя крадзяжы маёмасці і грошай у гаспадарцы Старавойтава, да якіх быў датычны і міністр. Лявонаву закідалі таксама і сяброўства з тым самым Ткачом. 

Васіль Старавойтаў. Фота: Wikimedia Commons

Але гэтыя абвінавачанні так і не пацвердзіліся. Старавойтаў, які за кратамі перажыў два сардэчныя прыступы, мікраінсульт і амаль аслеп, атрымаў два гады за карупцыю, Лявонаў за тое ж самае быў асуджаны на чатыры гады. 

Ёсць яшчэ адзін цікавы факт. У 2020 годзе стала вядома, што ў першыя дні пасля выбуху ў Магілёве пад хвалю затрыманняў трапіла маці Веранікі Цапкала.

Аказалася, што справу супраць банкіркі Яўгеніі Шасцерыковай за перавышэнне паўнамоцтваў завялі яшчэ ў 1996-м, але праз год хворую на рак жанчыну арыштавалі. Ёй закідалі арганізацыю замаху на Мікалуцкага праз праверкі ейнага банку, а ў кватэры нібыта знайшлі патроны ад пісталета. 

Як згадвала дачка Шасцярыковай Вераніка Цапкала, у яе маці была трэцяя стадыя раку, яна лячылася ў анкалагічным дыспансеры. Там яе нібыта арыштавалі і трымалі пад вартай.

Па словах Веранікі Цапкалы, яна з сястрой працяглы час дамагаліся сустрэчы з маці і пасля «многіх дзён угавораў, мальбы гэтая ўлада злітасцівілася».

«Тое, што я пабачыла тады, перавярнула ўсё маё жыццё, — казала яна. — Я зайшла ў палату, дзе сядзелі дзве наглядчыцы, а мая маці ляжала на голай падлозе прыкутая да батарэі».

Маці Веранікі Цапкала ў выніку адпусцілі па амністыі, яе віна, вядома, даказаная не была. Цяжка хворай жанчыны не стала ў 2001 годзе.

Варта адзначыць, што Яўген Мікалуцкі меў рацыю, і сябры сапраўды паклапаціліся пра яго сям’ю. Пакуль жонку Алу лячылі ў прэзідэнцкай бальніцы, калегі мужа дапамагалі дачцэ Алесі. Пасля выпіскі Лукашэнка часова пасяліў Мікалуцкіх у катэдж побач з рэзідэнцыяй у цэнтры Мінска, а дзяўчыну перавялі вучыцца ў Лінгвістычны ўніверсітэт. 

Палата прадстаўнікоў хадайнічала перад Лукашэнкам, каб Яўгену Мікалуцкаму прысудзілі званне Героя Беларусі пасмяротна, але гэтага так і не здарылася. Тым не менш у Магілёве і Шклове з’явіліся вуліцы ў гонар загінулага чыноўніка.

Ала Мікалуцкая ў 2015 годзе. Скрын відэа: ТелекомпанияСкифОрша / YouTube

Пасля аднаўлення Ала Мікалуцкая прадоўжыла працаваць. Яна ўзначальвала камітэт па працы і сацыяльнай абароне Мінаблвыканкама, а таксама працавала дарадцам кіраўніка Камітэта дзяржкантролю. Цяпер яна ўдзельнічае ў мерапрыемствах праўладнага Cаюзу жанчын разам з такімі персанажамі, як Лідзія Ярмошына.

Ала Мікалуцкая (чацвёртая злева) на сустрэчы Саюзe жанчын Беларусі. Фота: sb.by

Доўгі час пасля жудаснага забойства Яўгена Мікалуцкага беларуская ўлада пазбягала словаў «тэракт» і «тэрарызм», нават першыя выбухі з дзясяткамі пацярпелых у нулявых кваліфікаваліся як «злоснае хуліганства». Цяпер жа, на сконе лукашызму, тэрарызм стаў падставай для палітычных рэпрэсій і ўзмацнення ціску на народ. 

Хоць замоўцаў выбуху ў Магілёве так і не знайшлі, у канцы дзевяностых суду хапіла смеласці прызнаць удзельнікаў гучнага працэсу не вінаватымі ў забойстве Мікалуцкага, цяпер жа прысуды штампуюцца налева і направа, і суддзяў асабліва не хвалюе наяўнасць ці адсутнасць доказаў. 

Чытайце таксама:

Сведка заявіў, што забойца Мікалуцкага хацеў узарваць Лукашэнку і вывучаў нюансы перамяшчэння картэжу

Хроніка выбухаў у Беларусі: 1997-2011

«Яна ляжала на падлозе, прыкутая да батарэі». За што ў 90-я арыштавалі маці Веранікі Цапкалы, якая была чыноўніцай і банкірам

Каментары да артыкула