БЕЛ Ł РУС

Стрынгі, купоны на спатканне, пральны парашок: беларусы расказалі пра няўдалыя падарункі таемнага Санты

29.12.2024 / 9:0

Nashaniva.com

Няма больш надзейнага спосабу расчаравацца ў людзях, чым згуляць з імі ў «Таемнага Санту». Спыталі ў беларусаў, якія крынжовыя падарункі яны атрымлівалі ад калег.

Фота з сайта freepik.com

Калі вы не гулялі ў «Таемнага Санту», то сутнасць у наступным. На паперках пішуцца імёны ўсіх удзельнікаў гульні, і пасля людзі цягнуць паперкі — таму чалавеку, чыё імя табе дасталася, трэба будзе зрабіць падарунак. Ананімна. Падарункі ў выніку атрымліваюць усе (калі ваш Санта не забыўся на вас). Пасля ўручэння падарункаў можа раскрывацца, хто ў каго быў Сантам, а можа заставацца таямніцай.

Максім:

— Я неяк атрымаў у падарунак даволі тыповы набор: шампунь, гель для душу, мыла, дэзадарант. Здавалася б, усё нічога — заўжды спатрэбіцца ж. Але крынжовым было тое, што пасярод усяго гэтага ляжала раздрукаваная запіска. У ёй «Санта» пісаў, што ад мяне заўсёды смярдзіць потам і ўвесь калектыў праз гэта пакутуе, раіў часцей хадзіць у душ. Праз пару месяцаў я вырашыў звольніцца, бо працаваць больш у гэтай камандзе не мог.

Яна:

— Некалькі гадоў таму маім «таемным Сантам» на працы стаў хлопец, які даволі доўга спрабаваў запрасіць мяне на спатканне. У мяне былі іншыя адносіны, я яму тактоўна адмаўляла раз за разам…

А тут усе разбіраюць падарункі на працы і я бачу, што мне застаўся нейкі канверт. Яшчэ падумала, што ж там можа быць на 50 рублёў (агавораны кошт падарунка)? Вырашыла, што, можа, сертыфікат. І вось я адкрываю, а там намаляваныя кімсьці купоны: «Магчымасць выпіць са мной кавы», «Магчымасць схадзіць са мной у кіно» і іншыя.

Фактычна той калега патраціўся толькі на канверт — ну, можа, яшчэ і на алоўкі, якімі маляваў. Затое потым падышоў і з гонарам сказаў, што ён падлічыў кошт такіх «магчымасцяў», а там не на 50 рублёў, а прыкладна на 120-150 рублёў! І я павінна разумець, які ён шчодры.

Мікіта:

— Найбольш дурным падарункам я лічу кубачак, які атрымаў у мінулым годзе. Спачатку я падумаў, што ў майго «Санты» проста не ўсё добра з фантазіяй, бо ён выбраў нейкі нецікавы кубак цёмнага колеру. Я пакінуў яго на працы. А потым пры кліенце вырашыў выпіць гарбату, і высветлілася, што гэта той кубак, які, калі наліваеш туды кіпень, паказвае новы малюнак. У мяне там аказаўся вельмі пошлы здымак (быццам з 90-х) нейкай голай жанчыны. Кліент спачатку пачырванеў, потым стаў са мной размаўляць неяк грэбліва. І я яго вельмі разумею! Думаў, мабыць, што я няўдачнік і жанчын толькі на кубачку і бачу.

Мілана:

— Мне было 22 гады, калі мы на маёй першай працы вырашылі згуляць у «Таемнага Санту». Я люблю выбіраць падарункі, запакоўваць іх, таму ад працэсу падрыхтоўкі атрымлівала сапраўдную асалоду.

Падарункі распакоўвалі ў офісе пры ўсіх. І ўявіце мой шок, калі я пры калегах дастала з папяровага пакета фартух і… чырвоныя стрынгі. Мой «таемны Санта» не змог доўга трымаць інтрыгу. Высветлілася, што такое мне падарыла 60-гадовая жанчына. Яна ажно свяцілася ад радасці ад таго, які цудоўны падарунак мне набыла, неяк жартавала. Я думала, што пад зямлю правалюся — так няёмка было. Ёй гэту гісторыю потым ніхто не згадваў, а з мяне яшчэ, мабыць, год жартавалі.

Дар’я:

— Мой самы жудасны падарунак — пачак пральнага парашка. Пакінем за кадрам тое, што звычайна я карыстаюся больш дарагой маркай і аддаю перавагу гелю для прання. Проста як можна прыдумаць набыць такое на Новы год?!

Але я нават не сумнявалася, хто гэта падарыў. Быў у мяне вельмі практычны калега, які любіў усіх вучыць жыццю і эканоміі. У яго карціне свету гэта быў добры падарунак, бо ну ўсім жа трэба!

Чытайце таксама:

У свецкіх лэдзі Мінска спыталі, што яны хацелі б у падарунак ад мужа

У расійскім Ніжнім Тагіле настаўнікам падарылі сертыфікаты на надмагіллі

Іншаземец хацеў абдурыць беларуску, завабіўшы шчодрым падарункам. Але нешта пайшло не так

Заснавальніцы маркетплэйса Wildberries на дзень народзінаў падарылі беларускую бульбу

Каментары да артыкула