БЕЛ Ł РУС

Беларускія прамыслоўцы бачаць выгаду ў інтэграцыі з Расіяй

12.10.2011 / 10:43

Стварэнне холдынгу МАЗа і КамАЗа павысіць канкурэнтаздольнасць беларускай аўтатэхнікі, заявіў сёння першы намеснік міністра прамысловасці Беларусі Іван Дземідовіч на паседжанні Саўміна, чым выклікаў пільную ўвагу з боку прэм’ера краіны.

У сувязі з гэтым прэм’ер М. Мясніковіч заклапаціўся, наколькі МАЗ зможа быць канкурэнтаздольным у дачыненні да КамАЗа ва ўмовах АЭП.

«Канкурэнтаздольнасць адназначна ёсць. Але ў дадзенай сітуацыі ёсць адна складанасць — гэта значная розніца ў кошце энерганосьбітаў», — адказаў Дземідовіч, адзначыўшы, што ўдзельная вага энергетыкі ў сабекошце прадукцыі МАЗа сёння вырасла з 9–10% да 13–14%.

Акрамя таго, на МАЗе вырабляецца каля 300 тыс. т сталёвага ліцця для вытворчасці тэхнікі.

«Калі будзем працаваць з КамАЗам, магчыма, нам будзе выгадна купляць у іх энергетычна затратныя складаныя ўстаноўкі, шасі, асобныя вузлы па ліцці, — растлумачыў намеснік міністра. — А МАЗ будзе прадаваць расійскаму прадпрыемству масты».

Дземідовіч нагадаў, што КамАЗ яшчэ ў савецкія часы забяспечваў ліццём увесь аўтапрам.

Найбліжэйшымі днямі Беларусь адправіць у Маскву на перамовы віцэ-прэм’ера Сяргея Румаса, які абмяркуе праблему энергазатрат пры вытворчасці аўтамабільнай тэхнікі на МАЗе і КамАЗе і розніцу ў падаткаабкладанні: падаткі МАЗа вышэйшыя, чым у КамАЗа, на 2–3%.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула