БЕЛ Ł РУС

Прызналі палітвязнямі яшчэ 8 чалавек. Сярод іх і падпалкоўнік Дзмітрый Зара

16.10.2026 / 16:51

Nashaniva.com

16 кастрычніка праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ 8 чалавек. Агульная колькасць людзей, якія на сёння прызнаныя ў Беларусі палітвязнямі, складае 886 чалавек.

У спіс палітзняволеных дадалі наступныя прозвішчы:

Галіна Усцюгова, Віктар Масько, Антон Дакучаеў, Інга Казючыц, Сяргей Казінскі, Святаслаў Падвашэцкі, Дзмітрый Зара і Аляксандр Руткевіч.

Хто гэтыя людзі і чаму праваабаронцы лічаць іх справы палітычна матываванымі, можна даведацца тут.

Сярод новапрызнаных палітвязняў — адстаўны падпалкоўнік Дзмітрый Зара, якога сілавікі палічылі аналітыкам былога «міністра абароны» ў Аб'яднаным пераходным кабінеце Валерыя Сахашчыка. Як і чаму ён апынуўся ў Беларусі, пакуль не вядома, але арышт Зары прывёў да таго, што КДБ як катком прайшоўся па афіцэрскім складзе авіябазы ў Мачулішчах.

Спіс усіх палітвязняў Беларусі — тут.

Усяго на гэты момант палітвязнямі, паводле ацэнак праваабаронцаў, прызнаныя 888 чалавек. Апошнім часам агульная іх колькасць істотна не расце і нават змяншаецца, часам заўважна. Але гэта не таму, што рэпрэсіі ў Беларусі змяншаюцца, — проста паралельна з новымі выпадкамі зняволення па крымінальных справах ідзе працэс вызвалення тых асуджаных, хто цалкам адбыў свой тэрмін. Некаторых вызваляюць і па памілаваннях, у тым ліку пры пасярэдніцтве ЗША, хоць на іх месца няспынна набіраюць новых вязняў. Таксама суды некаторым прысуджаюць «хатнюю хімію», пасля чаго чалавек выходзіць з турэмных сцен, таму больш не лічыцца вязнем.

Варта таксама ўлічваць, што ў статыстыку ўваходзяць далёка не ўсе, хто знаходзіцца ў зняволенні з палітычных прычын, рэальная колькасць беларускіх палітвязняў большая. Пра некаторых праваабаронцам проста нічога не вядома.

Чытайце таксама:

Арышты афіцэраў прайшлі на авіябазе ў Мачулішчах — абвінавачваюць у сувязях з апазіцыяй

У СІЗА КДБ адшукаўся падпалкоўнік Зара, якога сілавікі лічаць аналітыкам Сахашчыка. Як ён апынуўся ў Беларусі — невядома

«Мая пазіцыя адносна сілавікоў пасля перамогі простая». Экс-палітвязень пра шклоўскую калонію, падполле і «карэліцкую справу»

Каментары да артыкула