Раніцай на Гомельшчыну зноў заляцела расійская «Бандэроль»
Раніцай 16 кастрычніка расійскі рэактыўны беспілотнік «Бандэроль» парушыў паветраную прастору Гомельскай вобласці, заўважыў «Флагшток». Апошні раз падобнае здаралася ў жніўні.
Схематычная выява «Бандэролі»
Як заўважыў украінскі маніторынгавы канал «еРадар», падчас масіраванай паветранай атакі Расіі на тэрыторыю Украіны «Бандэроль» ў 09:05 перасекла мяжу Беларусі і праз Брагін накіравалася ўглыб краіны.
Як удакладніў для «Флагштока» мадэратар канала, боепрыпас заляцеў на Гомельшчыну праз Чарнобыль.
«Бандэроль» — гэта малагабарытны барражавальны боепрыпас, гібрыд крылатай ракеты і рэактыўнага дрона-камікадзэ, які выкарыстоўваецца для ўдараў па інфраструктуры.
Раніцай 16 кастрычніка «Бандэроль» ужо кружыла над Чарнігаўскай вобласцю. Упершыню яе зафіксавалі ў раёне горада Казелец, пра што паведамілі Паветраныя сілы Узброеных сіл Украіны.
Боепрыпас прабыў на тэрыторыі Гомельшчыны нядоўга: ужо ў 09:10 ён вылецеў назад ва Украіну і пачаў рухацца ў бок Чарнігава. Аднак у раёне Славуціча яго перасталі фіксаваць.
Як паведамляў «Флагшток», жыхары гомельскага памежжа рэгулярна чуюць гукі выбухаў, часам вельмі моцных. Верагодна, частку дронаў на гэтым участку ўкраінскім вайскоўцам удаецца збіваць, а гукі выбухаў даносяцца з суседняй тэрыторыі.
Чытайце таксама:
Падчас удару па Харкаве загінулі два чалавекі
Ва Украіне амаль скончыліся ракеты для F-16, якімі збіваюць рэактыўныя дроны
Ва Украіне распрацавалі тэхналогію для знішчэння расійскіх «Бандэроляў»