БЕЛ Ł РУС

З камісіі па вяртанні афіцыйна выключылі свайго арыштаванага сябра

16.10.2026 / 00:43

Nashaniva.com

А Ганна Канапацкая афіцыйна стала Ганнай Трухановіч.

Уладзімір Басько. Фота: скрыншот БТ

Аляксандр Лукашэнка ўказам № 360 ад 14 кастрычніка 2026 года змяніў склад камісіі, якая разглядае звароты беларусаў з-за мяжы — так званай «камісіі па вяртанні».

Камісію па-ранейшаму ўзначальвае генеральны пракурор Дзмітрый Гара. Ён замяніў у гэтай ролі Андрэя Шведа ў лютым 2026 года, калі Шведа перавялі кіраваць Вярхоўным судом.

Новым намеснікам старшыні стаў намеснік генеральнага пракурора Генадзь Дыско.

Ён зойме месца, якое раней належала Аляксею Стуку — таго адправілі на пенсію з Генеральнай пракуратуры, а заадно выкраслілі і са складу камісіі.

Дыско вядомы тым, што ў лістападзе 2020 года публічна намагаў, што забіты Раман Бандарэнка быў п'яны. Гэта было хлуснёй.

Месца ў камісіі дасталася новаму кіраўніку Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў Віталю Дземідовічу. Ён механічна замяніў свайго папярэдніка з адвакатуры Аляксея Швакава.

Прапаў са спісу і Уладзімір Басько — былы генеральны дырэктар навукова-тэхналагічнай асацыяцыі «Інфапарк» і адзін з заснавальнікаў Парка высокіх тэхналогій. У лістападзе 2025 года «Наша Ніва» паведаміла пра яго затрыманне, імаверна, звязанае са справай «Софтклаба». Далейшы лёс Басько невядомы, дзяржаўныя медыя так нічога і не паведамілі пра тое, што ў сілавікоў узніклі пытанні да яго.

Таксама ўказ абнаўляе звесткі пра некалькіх членаў, якія застаюцца ў камісіі.

Ганну Канапацкую цяпер афіцыйна перайменавалі ў Ганну Трухановіч. Шматразовая спарынг-партнёрка Аляксандра Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах вярнула сваё дзявочае прозвішча.

Нарэшце, яшчэ трое чалавек засталіся ў камісіі, але з абноўленымі пасадамі — гэта ўпаўнаважаны ў справах рэлігій і нацыянальнасцяў Алег Дзячэнка, міністр культуры Марат Маркаў і чыноўнік з Саюзнай дзяржавы Аляксандр Маркевіч.

За ўвесь час дзеяння камісіі праз яе ў Беларусь вярнулася некалькі дзясяткаў чалавек.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула