БЕЛ Ł РУС

У Рэчыцкім раёне браканьеры нацкоўвалі паляўнічых сабак на безабароннае ласяня ВІДЭА

15.10.2026 / 16:09

Nashaniva.com

У Рэчыцкім раёне затрымалі групу мужчын, якіх падазраюць у незаконным паляванні і жорсткім пераследзе ласяняці. Парушальнікаў выявілі падчас сумеснага рэйду Гомельскай абласной інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету і супрацоўнікаў Рэчыцкага лясгаса, якія правяралі аператыўную інфармацыю.

Скрыншот з відэа

Падчас праверкі супрацоўнікі лясгаса каля аднаго з палёў заўважылі мужчын, якія ехалі на аўтамабілі і нацкоўвалі на ласяня, якому яшчэ не споўнілася і года, сваіх паляўнічых сабак. Паводле сведчання інспектараў, малое браканьеры сілай адбілі ад маці. Што сталася з ласіхай, пакуль высвятляецца. Не выключана, што яна таксама стала ахвярай незаконнага палявання.

На відэазапісе з месца здарэння відаць, як знясіленае і напалоханае ласяня, ратуючыся ад сабак, прыціскаецца да кузава службовага аўтамабіля супрацоўнікаў лясгаса.

На месца прыбылі супрацоўнікі Гомельскай абласной інспекцыі. У ходзе разбіральніцтва высветлілася, што ва ўсёй кампаніі толькі адзін чалавек меў законны статус паляўнічага.

У дачыненні да затрыманага распачалі два адміністрацыйныя працэсы. Першы — паводле часткі 1 артыкула 16.27 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Беларусі за грубае парушэнне правілаў палявання. Другі — паводле часткі 9 таго ж артыкула за знаходжанне ў паляўнічых угоддзях і паляванне без дакументаў, прадугледжаных заканадаўствам.

Акрамя таго, матэрыялы па факце грубага парушэння правілаў уліку, захоўвання і выкарыстання агнястрэльнай зброі паводле артыкула 24.30 КаАП перадалі ў Рэчыцкі раённы аддзел унутраных спраў.

У інспекцыі адзначылі, што затрыманне стала магчымым дзякуючы супрацоўніцтву двух ведамстваў у межах спецыяльнага комплекснага мерапрыемства «Паляванне». Аператыўная праца інспектараў і веданне мясцовасці супрацоўнікамі лясгаса дапамаглі выявіць парушальнікаў.

Чытайце таксама:

На беларускіх трасах штучны інтэлект пачаў шукаць ласёў. Як гэта працуе?

У Вілейскім раёне затрымалі браканьера, які незаконна забіў лася

Браканьеры прыдумалі хітрую схему вылаву рыбы на продаж у чарнобыльскай зоне

Вайсковы пенсіянер з Дуброўна пракаціў на капоце двух пагранічнікаў ФСБ і ўдарыў аднаго з іх у твар

У Полацкім раёне злавілі браканьера, які ўпаляваў дзіка

Каментары да артыкула