На чыгуначных пераездах з'явіцца сістэма, якая будзе загадзя папярэджваць машыністаў пра небяспеку
На беларускіх чыгуначных пераездах плануюць усталяваць сістэму, якая зможа распазнаваць аўтамабілі, людзей і жывёл на пуцях і аўтаматычна папярэджваць машыністаў пра небяспеку. Паведамленне будзе паступаць, калі цягнік знаходзіцца на адлегласці да трох кіламетраў ад пераезда, паведамляе прэс-служба Беларускай чыгункі.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: Wikimedia Commons
Пагадненне аб стварэнні сістэмы 14 кастрычніка падпісалі Беларуская чыгунка і «Белтэлекам». Укараненне сістэмы запланаванае на 2027 год.
Неабходнасць новай тэхналогіі звязаная з тым, што цяпер у Беларусі налічваецца 66 чыгуначных пераездаў з абмежаванай бачнасцю. Яны размешчаныя на паваротах, дзе цягнікі рухаюцца з хуткасцю больш за 100 км/г. Калі на такім пераездзе затрымаецца аўтамабіль або сельскагаспадарчая тэхніка, машыніст можа не паспець пазбегнуць сутыкнення.
Спецыялісты Беларускай чыгункі вывучылі шэсць тэхналогій выяўлення перашкод і перадачы папярэджанняў у кабіну лакаматыва. У выніку вырашылі выкарыстаць сістэму відэааналітыкі, заснаваную на тэхналогіях «Белтэлекама» і тэхнічных сродках чыгункі.
Камеры відэаназірання будуць сачыць за сітуацыяй на пераездах. Калі сістэма распазнае чалавека, жывёлу, аўтамабіль або іншы старонні аб’ект на пуцях, яна аўтаматычна перадасць папярэджанне машыністу праз цягніковую радыёсувязь. Паведамленні змогуць атрымліваць лакаматыўныя брыгады, чые цягнікі знаходзяцца на адлегласці да трох кіламетраў ад небяспечнага пераезда.
Чытайце таксама:
22 кастрычніка зменяцца расклады некаторых цягнікоў
Квіткі на электрычку зараз можна аплаціць на вакзале праз QR-код
Цягнік Адлер — Мінск зноў змяняе свой маршрут
Падпісалі мемарандум аб будаўніцтве высокахуткаснай чыгуначнай магістралі Масква — Мінск