БЕЛ Ł РУС

Прадавец кітайскіх электрамабіляў, які будаваў маштабныя планы, абвясціў аб банкруцтве

7.10.2026 / 15:11

Nashaniva.com

Эканамічны суд Мінска 22 верасня распачаў вытворчасць па справе аб банкруцтве ТАА «7 Джы Пі». На рынку гэтая кампанія была вядомая пад брэндам SGP і пазіцыянавала сябе як буйнога імпарцёра кітайскіх электрамабіляў, піша Office Life.

Фота: «7 Джы Пі»

Ініцыятарам банкруцтва выступіў ліквідатар таварыства ў сувязі з адсутнасцю сродкаў для пагашэння абавязацельстваў. Запазычанасць дасягнула 4,4 млн рублёў, пры гэтым актывы складаюць 266 рублёў. Ніякай іншай маёмасці, як і дэбіторскай запазычанасці, ліквідатар выявіць не змог.

Агульная сума крэдыторскай запазычанасці паводле рэестра патрабаванняў крэдытораў на 21 жніўня складала 1,68 млн рублёў, у тым ліку 3,9 млн юаняў.

Як вынікае з матэрыялаў справы, з 14 красавіка 2026 года адзіным удзельнікам і ўладальнікам кампаніі з'яўляецца Яўген Восіпаў.

У Беларусі SGP заявіла пра сябе ў маі 2023 года, адкрыўшы шоурум на праспекце Дзяржынскага ў Мінску. Кампанія спецыялізавалася на продажы кітайскіх электрамабіляў BYD.

Імпарцёр абяцаў стварыць паўнавартасную экасістэму, прапаноўваючы кліентам дастаўку машын «пад ключ» з Кітая за 60 дзён, выгадны лізінг і продаж хатніх зарадных станцый.

Планы кампаніі распаўсюджваліся і за межы Беларусі: кіраўніцтва SGP заяўляла, што ў 2023 годзе будзе пастаўляць кітайскія электрамабілі ў Расію і іншыя краіны СНД і ўжо дасягнула з вытворцамі адпаведных дамоўленасцяў. Аднак пасля з'яўлення навін у СМІ прадстаўнікі BYD афіцыйна зняпраўдзілі гэтую заяву.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула