Чэшскі ўрад пашырыў магчымасць атрымаць візы для беларусаў
Чэшскі ўрад 5 кастрычніка прыняў рашэнне пашырыць магчымасць для некаторых грамадзян Беларусі атрымліваць кароткатэрміновыя чэшскія візы для сваіх блізкіх сваякоў, піша «Радыё Свабода».
Прага. Здымак ілюстрацыйны. Фота: vecteezy.com
Падрабязнасці новага рашэння пакуль не апублікаваныя. Вядома, што яно датычыцца беларусаў, якія маюць грамадзянства Чэхіі альбо доўгатэрміновы дазвол на пражыванне ў гэтай краіне. Яны змогуць запрашаць у Чэхію сваіх прамых сваякоў па ўзыходнай або сыходнай лініі — бацькоў, дзядоў і бабуль, дзяцей, унукаў і іншых сваякоў такога тыпу. На пасяджэнні ўрада супраць гэтай прапановы ніхто не запярэчыў.
Магчымасці для грамадзян Беларусі атрымліваць чэшскія візы былі істотна абмежаваныя ў межах мер, якія ўрад Чэхіі ўвёў пасля пачатку поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну ў лютым 2022 года.
Прадстаўнік суполкі «Беларуская салідарнасць» у горадзе Брно Андрэй Калавур паведаміў, што беларусы ў Чэхіі маюць намер дамагацца далейшага пашырэння кола сваякоў, для якіх можна будзе афармляць запрашэнні на візы.
Гэта магчымасць з'явілася ў выніку перамоў МЗС Чэхіі з прадстаўнікамі беларускай апазіцыі.
«Дзякуем чэшскаму міністру замежных спраў Пэтру Мацінку, чэшскаму ўраду і ўсім, хто спрычыніўся да гэтай важнай справы.
Гэты вынік — плён супольнай працы дэмакратычных сіл Беларусі, у тым ліку праваабаронцы Алеся Бяляцкага, беларускай дыяспары і нацменшасці ў Чэхіі, нашых чэшскіх сяброў і перадусім абранай лідаркі Святланы Ціханоўскай», — падкрэсліла дырэктарка Офіса дэмакратычных сіл Беларусі ў Чэшскай Рэспубліцы Крысціна Шыянок.
Чытайце таксама:
Беларус атрымаў у Польшчы міжнародную абарону, але ездзіць на радзіму
Грамадзянін Чэхіі прыехаў у Беларусь праведаць хворую маці, а яго арыштавалі
Больш за 100 прадстаўнікоў беларускай дыяспары ў Чэхіі сабраліся на канферэнцыю