На выбарах у Босніі і Герцагавіне зберагла ўплыў прарасійская партыя Додзіка
На выбарах у Босніі і Герцагавіне захавала значны ўплыў партыя прарасійскага палітыка Міларада Додзіка. Ягоная саюзніца Жэлька Цвіянавіч атрымала месца ў калегіяльным прэзідэнцтве краіны, паведамляе The Guardian.
Alexandr Kryazhev/RIA Novosti/Pool/Anadolu via Getty Images
На выбарах грамадзяне Босніі і Герцагавіны выбіралі трох членаў шматнацыянальнага прэзідэнцтва, дэпутатаў нацыянальнага парламента, а таксама кіраўнікоў органаў улады дзвюх складовых частак краіны — пераважна мусульманскай і харвацкай Федэрацыі Босніі і Герцагавіны і Рэспублікі Сербскай, дзе большасць насельніцтва складаюць этнічныя сербы.
Пасля падліку больш як 94% галасоў у барацьбе за месца, прызначанае для харватаў, лідзіравала Дарыяна Філіпавіч з нацыяналістычнага Харвацкага дэмакратычнага саюза Босніі і Герцагавіны. Месца для баснійцаў-мусульман захоўваў дзейны член прэзідэнцтва Дзяніс Бечыравіч з Сацыял-дэмакратычнай партыі.
Тым часам паплечніца Додзіка Жэлька Цвіянавіч з правай партыі «Альянс незалежных сацыял-дэмакратаў» атрымала больш за 55% галасоў. Яна перамагла найбліжэйшага суперніка прыкладна на 30 працэнтных пунктаў і атрымала трэцяе месца ў калегіяльным прэзідэнцтве краіны.
Сам Міларад Додзік у выбарах не ўдзельнічаў пасля леташняга судовага рашэння, якое забараніла яму балатавацца і займаць пасаду прэзідэнта Рэспублікі Сербскай. Аднак ён заставаўся адной з цэнтральных фігур выбарчай кампаніі. Напярэдадні галасавання Додзік таксама заявіў, што ягоная нацыяналістычная партыя атрымае «пераважную большасць» у парламенце Рэспублікі Сербскай.
Сваю перамогу Додзік звязаў з абраннем Дональда Трампа прэзідэнтам ЗША ў 2024 годзе і падтрымкай з боку прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна. Паводле яго слоў, Трамп пасля прыходу да ўлады «адхіліў ненавісныя структуры Байдэна». Додзік заявіў, што ягоныя палітычныя сілы не збіраюцца змяняць свой курс і будуць працягваць змагацца за свае інтарэсы.
Цэнтральная выбарчая камісія Босніі паведаміла, што ўсяго было пададзена 1 432 269 галасоў. Яўка склала 42%, што прыкладна на 8 працэнтных пунктаў менш, чым на папярэдніх выбарах у 2022 годзе.
Рэспубліка Сербская была створаная ў 1992 годзе як самаабвешчаная дзяржава пасля таго, як Боснія і Герцагавіна пачала працэс выхаду са складу Югаславіі. У 1995 годзе паводле Дэйтанскіх пагадненняў Рэспубліка Сербская стала часткай Босніі і Герцагавіны.
Додзік ужо неаднаразова дэманстраваў сваю падтрымку расійскаму кіраўніцтву. У 2023 годзе ён узнагародзіў Уладзіміра Пуціна ордэнам у межах святкавання 9 студзеня як Дня Рэспублікі Сербскай.
Чытайце таксама:
У Босніі праходзяць выбары — на фоне росту этнічнай напружанасці
У Рэспубліцы Сербскай перамог пратэжэ Міларада Додзіка
Міларад Додзік прыгразіў абвясціць незалежнасць Рэспублікі Сербскай