Расія і ЗША абмяркоўваюць шматмільярдную нафтавую здзелку
Падчас перамоваў паміж ЗША і Расіяй аб спыненні вайны ва Украіне бакі абмяркоўваюць таксама шматмільярдную здзелку, звязаную з актывамі расійскай нафтавай кампаніі «Лукойл». Пра гэта 3 кастрычніка паведаміла выданне The New York Times.
Прадстаўнікі Пуціна Юрый Ушакоў і Кірыл Дзмітрыеў з прадстаўнікамі Трампа Стывам Уіткафам і Джарэдам Кушнерам на сустрэчы ў Крамлі, 22 студзеня 2026 года. Фота: Alexander Kazakov/Sputnik, Kremlin Pool Photo via AP
Здзелка можа ахапіць нафтавыя радовішчы, нафтаперапрацоўчыя заводы і сетку аўтазаправачных станцый «Лукойла» ў розных краінах. Гаворка ідзе, у прыватнасці, пра радовішчы ў Камеруне, нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы ў Еўропе і аўтазаправачныя станцыі ў амерыканскім штаце Нью-Джэрсі. Для яе рэалізацыі спатрэбіцца ўхваленне ўрада ЗША і Крамля.
Паводле звестак The New York Times, у прасоўванні здзелкі ўдзельнічаюць амерыканскі інвестар і мільярдэр Тод Боэлі, дзве блізкаўсходнія структуры, якія раней супрацоўнічалі з Джарэдам Кушнерам або сям'ёй Стыва Уіткафа, а таксама адно з падраздзяленняў урада ЗША. Боэлі ахвяраваў 2 мільёны даляраў на палітычныя праекты Дональда Трампа.
Газета адзначае, што няма прыкмет таго, што непасрэдную выгаду ад здзелкі атрымаюць самі Кушнер або Уіткаф. Аднак, паводле інфармацыі выдання, выгаду могуць атрымаць звязаныя з імі дзелавыя партнёры.
Тэму гэтай здзелкі, як сцвярджае The New York Times са спасылкай на дасведчаныя крыніцы, Уладзімір Пуцін закрануў падчас сустрэчы са Стывам Уіткафам і Джарэдам Кушнерам у Крамлі 5 верасня. Паводле аднаго з суразмоўцаў газеты, Пуцін прапанаваў заключыць пагадненне, каб прадэманстраваць расіянам магчымасць вядзення бізнэсу са Злучанымі Штатамі.
Канчатковае рашэнне аб здзелцы, паводле інфармацыі выдання, залежыць ад Уладзіміра Пуціна і Дональда Трампа.
Белы дом, Міністэрства фінансаў ЗША і кампанія «Лукойл» не адказалі на запыты The New York Times з просьбай пракаментаваць інфармацыю.
Чытайце таксама:
Пуцін прызнаўся Уіткафу і Кушнеру, што яму камфортна з імі працаваць
Кушнер Пуціну: Вы нам і год назад казалі, што за пару месяцаў зоймеце Данбас
Пуцін заявіў, што замест кіраўніка ЦРУ ахвотней будзе перамаўляцца з Уіткафам і Кушнерам