У Івацэвіцкім раёне знайшлі незвычайны каралавы грыб
У Івацэвіцкім раёне лесаводы знайшлі рэдкі грыб — ежавік, ці герыцый каралападобнны, які занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. Ён атрымаў сваю назву з-за незвычайнай формы, якая нагадвае марскі карал, піша Times.by.
Фота: Уладзімір Жуковіч / Times.by
Грыб знайшлі спецыялісты сектара аховы лесу Даманаўскага лясгаса падчас палявых работ на тэрыторыі Дабрамысльскага лясніцтва. Дакладныя каардынаты знаходкі не паведамляюцца, паколькі гэта ахоўны від. На месцы ўжо паставілі фотапастку, каб назіраць за грыбам.
Інфармацыю пра знаходку лесаводы перадалі ў Івацэвіцкую раённую інспекцыю прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Галоўная спецыялістка інспекцыі Вольга Белякова пацвердзіла ўнікальнасць знаходкі і адзначыла, што раней гэты від у Івацэвіцкім раёне не фіксаваўся.
Фота: Уладзімір Жуковіч / Times.by
Каралападобны ежавік звычайна расце на мёртвай драўніне лісцевых дрэў, найчасцей дуба, асіны, вяза і бярозы. У прыродзе ён сустракаецца паасобку або невялікімі групамі.
Маладыя экзэмпляры гэтага грыба ядомыя, аднак збіраць іх нельга праз рэдкасць віду і яго ахоўны статус. Далейшае назіранне за месцам знаходкі і меры па яго ахове будуць праводзіцца ў адпаведнасці з прыродаахоўным заканадаўствам.
Чытайце таксама:
Якія грыбы і ягады найбольш назапашваюць радыенукліды?
Жыхар Краснаполля атруціўся грыбамі і памёр
У Бараўлянах знайшлі рэдкі чырванакніжны грыб дыяметрам 40 сантыметраў