БЕЛ Ł РУС

Расія плануе серыю ўдараў па Украіне, каб адрэзаць імпарт, вывесці з ладу ГЭС і АЭС

2.10.2026 / 15:29

Nashaniva.com

Расіяне плануюць вывесці з ладу ўкраінскую энергасістэму ў тры этапы.

Фота: ДСНС Украіны.

Расіяне плануюць вывесці з ладу ўкраінскую энергасістэму ў тры этапы. Пра гэта сведчыць план, апублікаваны журналістамі NY Times са спасылкай на інфармацыю, перахопленую Украінай. 

Першы — вывядзенне з ладу падстанцый паблізу заходніх межаў Украіны, якія імпартуюць электраэнергію з Еўропы. Другі — вывядзенне з ладу гідраэлектрастанцый. Трэці — адключэнне трох АЭС (Хмяльніцкай, Ровенскай і Паўднёваўкраінскай).

Усяго Расія плануе выкарыстаць да 1000 ракет, дронаў і авіябомбаў. Сярод цэляў — падстанцыі, цеплавыя электрастанцыі, ГЭС, кацельні і іншыя аб’екты энергасістэмы.

Канчатковая мэта — адрэзаць буйныя ўкраінскія гарады ад электразабеспячэння, ацяплення і водазабеспячэння, што можа прывесці да гуманітарнага крызісу.

Як галоўныя цэлі вызначаныя Кіеў, Харкаў і Адэса: праціўнік плануе скараціць пастаўкі электраэнергіі ў гэтыя гарады на 90%, паменшыць пастаўкі цяпла да 90%, а таксама сур’ёзна парушыць працу каналізацыйнай сістэмы.

Але пакуль незразумела, ці будзе Расія прытрымлівацца стратэгіі, выкладзенай у дакуменце, — і ці дасягне яна поспеху, калі гэта зробіць.

Таксама Уладзімір Зяленскі сёння заявіў, што Пуцін хоча прымусіць украінцаў пакінуць Кіеў.

Пра гэта прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў выданню El País, піша РБК-Украіна.

«Яны (расіяне) хочуць, каб украінцы — асабліва тыя, хто знаходзіцца ў сталіцы, — пакінулі сталіцу. Насамрэч менавіта гэтага яны імкнуліся дасягнуць, калі пачыналі поўнамаштабнае ўварванне», — адзначыў Зяленскі.

Паводле яго слоў, тактыка Пуціна палягае ў тым, каб максімальна эскалаваць канфлікт, і ён будзе гэта рабіць.

«І па меры набліжэння прамежкавых выбараў у ЗША [пройдуць 3 лістапада — НН] ён будзе рабіць гэта ўсё больш актыўна», — прагназуе ўкраінскі прэзідэнт.

Ён правёў паралель паміж падзеямі, якія цяпер адбываюцца ў Кіеве, які штодня зазнае ад 300 да 500 атак, і будучымі выбарамі ў Злучаных Штатах.

«Памятайце, што ў 2022 годзе іх мэтай было прымусіць людзей пакінуць сталіцу, каб даказаць: калі няма сталіцы — няма і краіны. Але наша краіна — гэта больш, чым проста сталіца, і сталіца застаецца моцнай», — падкрэсліў Зяленскі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула