БЕЛ Ł РУС

Студэнтак беларускіх ВНУ абавязалі тэрмінова запоўніць анкету з пазначэннем свайго росту

1.10.2026 / 17:21

Максім Сыраежка

Анкетаванне праводзіцца Нацыянальнай школай прыгажосці, якая рыхтуе дзяўчат у тым ліку для службы пратакола Аляксандра Лукашэнкі. У студэнтак пытаюцца пра рост, сямейнае становішча, хобі, удзел у конкурсах прыгажосці і патрабуюць назваць акаўнты ў сацсетках. Пра тых, хто адмовіцца ад апытання, патрабуюць паведамляць асобна.

Дзяўчаты, 2026 год. Ілюстрацыйнае фота: Беларусь сегодня

Як вынікае з паведамлення, разасланага ў ВНУ, студэнтак беларускіх ВНУ абавязваюць прайсці апытанне ў межах праекта «Партрэт беларускай жанчыны».

«Апытанне трэба правесці не пазней за 2 кастрычніка. То-бок да канца працоўнага дня 2 кастрычніка апытанне павінны прайсці усе дзяўчаты», — гаворыцца ў паведамленні.

Куратары кантралююць праходжанне апытання і складаюць спісы тых, хто яго прайшоў. Калі студэнтка адмаўляецца, пра гэта патрабуюць паведамляць з указаннем прычыны.

У самой анкеце ёсць пункт пра згоду на апрацоўку персанальных даных. Але гэтага недастаткова. Арганізатары патрабуюць сабраць з удзельніц яшчэ і асобныя пісьмовыя згоды. Іх формы і ўзоры запаўнення перадалі куратарам.

Апытаць усіх студэнтак ВНУ распарадзілася намесніца міністра адукацыі Кацярына Пятруцкая.

Намесніца міністра адукацыі Кацярына Пятруцкая. Фота: Беларусь сегодня

У анкеце просяць пазначыць імя, месца нараджэння і грамадзянства, дату нараджэння і ўзрост, сямейнае становішча і таксама, што звяртае ўвагу, рост.

Таксама трэба паведаміць звесткі пра адукацыю (навучальную ўстанову, спецыяльнасць, курс і форму навучання), валоданне замежнымі мовамі і дадатковую адукацыю.

Асобныя пытанні анкеты

Акрамя таго, дзяўчат пытаюцца пра хобі, удзел у конкурсах прыгажосці і талентаў. Таксама просяць пазначыць ключавыя дасягненні, узнагароды і прызавыя месцы ў вучобе, спорце і конкурсах. Анкета патрабуе і кантактныя даныя: нумар мабільнага тэлефона і спасылкі або нікі ў інстаграме, фэйсбуку, тэлеграме, «Укантакце», тыктоку, ютубе, расійскім шпіёнскім месенджары Mах ды іншых сацсетках.

У форме пазначана, што гэтыя звесткі збіраюцца для «фармавання партрэта сучаснай беларускай дзяўчыны» і будуць апрацоўвацца на працягу дванаццаці месяцаў. 

«Давайце закрыем гэтае пытанне хутка і без нейкіх эксцэсаў», — патрабуюць куратары ўніверсітэцкіх груп.

Чытайце таксама:

Азаронак прачытаў лекцыю ўдзельніцам «Міс Беларусь» і назваў патрабаванне да будучай жонкі

Ва ўрадзе вызначылі, як будуць запускаць «брэнд беларускай жанчыны»

Сярэдні ўзрост — 44 гады, часта шукае падпрацоўку — сярэднестатычны партрэт беларускай жанчыны

Каментары да артыкула