БЕЛ Ł РУС

У Хайфе забілі 31‑гадовую беларуску Яніну. У яе застаўся двухмесячны сын

30.09.2026 / 15:02

Nashaniva.com

У забойстве падазраюць мужа Алі Масвада. А бабуля спадзяецца забраць немаўля ў Беларусь.

Яніна Русінава. Тут і далей фота з яе сацсетак

У ноч на 25 верасня ў ізраільскай Хайфе загінула 31‑гадовая беларуска Яніна Русінава, якую ў мясцовых медыя называюць Ёніт Масвада. У жанчыны засталося двухмесячнае немаўлё. Яе 28‑гадовага мужа Алі затрымалі па падазрэнні ў забойстве, але ён адмаўляе віну і сцвярджае, што нібыта спрабаваў выратаваць жонку.

Маці Яніны жыве ў Беларусі. Пра смерць дачкі жанчына даведалася толькі праз пяць дзён. Цяпер яна хоча забраць унука да сябе.

Трагедыя адбылася ў Хайфе. Муж, Алі Масвада, сам патэлефанаваў у паліцыю. Калі медыкі прыехалі, жанчына з цяжкім раненнем шыі знаходзілася на лесвічнай пляцоўцы. Яніну ў крытычным стане даставілі ў бальніцу, але выратаваць яе не ўдалося.

Паліцыя затрымала мужа, але ён адмаўляе, што забіў жонку. Адвакат Алі пераказаў яго версію: маўляў, Яніна паранілася сама, а ён спрабаваў яе выратаваць. У самога мужчыны таксама знайшлі парэзы.

«Я ўсім сэрцам спрабаваў яе выратаваць», — сказаў Масвада падчас судовага пасяджэння. Тым не менш яго пакінулі пад вартай. Расследаванне працягваецца.

Яніна нарадзілася ў Гомелі, у 2017‑м скончыла Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт па спецыяльнасці «настаўнік гісторыі і грамадазнаўства». У Ізраілі яна жыве прынамсі з 2023 года.

У Яніны засталося двухмесячнае дзіця. Пасля гібелі хлопчыка перадалі ў экстранную прыёмную сям’ю. Далейшым лёсам дзіцяці займаюцца сацыяльныя службы Хайфы. Паводле ізраільскіх медый, раней сям’я не трапляла ў поле зроку гарадскога ведамства сацыяльнай дапамогі.

Маці Яніны хоча, каб унук рос разам з ёй у Беларусі. Але пакуль невядома, ці дазволяць бабулі забраць хлопчыка і вывезці яго ў Беларусь.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула