БЕЛ Ł РУС

«Шпіён у кішэні»: расійскі месенджар Max сочыць за карыстальнікамі і дапамагае блакаваць VPN

29.09.2026 / 15:30

Баляслаў Ліманоўскі

InterSecLab разам з RKS Global змаглі зазірнуць «пад капот» праграмы і даведаліся, як яна сочыць за карыстальнікамі. Мы вывучылі даследаванне і тлумачым, чаму MAX стаў сродкам татальнага кантролю і чым ён небяспечны.

Ілюстратыўная выява, згенераваная Gemini

Міжнародная даследчая лабараторыя InterSecLab у супрацоўніцтве з аналітычным цэнтрам RKS Global апублікавала вынікі вывучэння расійскага месенджара Max.

З верасня 2025 года расійскія ўлады зрабілі месенджар Max, распрацаваны кампаніяй VK, абавязковым для ўсіх смартфонаў і планшэтаў, якія прадаюцца ў Расіі. Паралельна перакрываўся доступ да незалежных сродкаў сувязі: месенджар Signal заблакавалі ў жніўні 2024 года, WhatsApp — у лютым 2026-га, а з сакавіка 2026 года пачаліся масавыя блакаванні Telegram.

Сёння Max прымусова ўкараняецца для атрымання дзяржаўных паслуг як у Расіі, так і на акупаваных тэрыторыях Украіны — аж да запісу дзяцей у школу ці запісу да доктара. У сувязі з гэтым ён набірае папулярнасць і сярод беларусаў — для працы ці сувязі са сваякамі ў Расіі.

Інтэрфейс Max-а амаль цалкам капіюе Telegram, але за ім хаваецца інструмент сачэння расійскіх спецслужбаў.

Як эксперты прабіліся ў «закрытую сістэму» Max

Распрацоўшчыкі Max імкнуліся максімальна абараніць дадатак ад вонкавага аналізу. Ён выкарыстоўвае закрыты пратакол з расійскай федэральнай крыптаграфіяй ад пастаўшчыка, ліцэнзаванага ФСБ, захоўвае адрасы ў зашыфраваным выглядзе і адразу завяршае працу пры выяўленні інструментаў даследавання.

Каб абысці гэтыя бар'еры, даследчыкі праводзілі вывучэнне на Android-версіі 26.12.0 (зборка 6664) у перыяд з сакавіка па май 2026 года. Яны стварылі адмысловы механізм, які захапляў змесціва паведамленняў і запытаў унутры праграмы ў момант перад яго зашыфраваннем — наўпрост у аператыўнай памяці смартфона.

Ніякай таямніцы перапіскі ў Max: поўная адсутнасць скразнога шыфравання

У бяспечных месенджарах выкарыстоўваецца скразное шыфраванне (End-to-End Encryption) — ключ ад перапіскі ёсць толькі ў адпраўніка і атрымальніка, а серверы бачаць толькі зашыфраваны набор сімвалаў.

У Max скразнога шыфравання няма ўвогуле. Усе паведамленні перадаюцца і захоўваюцца на серверах VK у адкрытым выглядзе. Кожнае тэкставае паведамленне пазначаецца сцяжкамі для праверкі серверам на спасылкі, галасавыя паведамленні расшыфроўваюцца на серверах VK, а падчас званкоў размова прапускаецца праз модуль аналізу голасу на тэлефоне, які VK можа дыстанцыйна падмяняць са свайго сервера.

У Max можна сачыць за ўсімі — за кожным асобна

Эксперты называюць гэта кіраваннем функцыямі з сервера для кожнага акаўнта (per-account controls) і лічаць галоўным адкрыццём даследавання.

Звычайна, каб у праграме з'явілася новая функцыя ці змяніліся налады, карыстальнік спампоўвае абнаўленне. У Max сервер VK можа дыстанцыйна ўключыць ці выключыць любыя магчымасці ці шпіёнскія функцыі (зандаванне сеткі, выяўленне VPN, расшыфроўку голасу, пашыранае лагаванне) для аднаго карыстальніка альбо групы людзей без аніякіх паведамленняў у інтэрфейсе.

У выніку двое людзей з аднолькавай версіяй Max могуць карыстацца фактычна рознымі праграмамі і нават не здагадвацца пра гэта.

Смартфон Max як зонд для патрэб цэнзараў

Max сістэматычна збірае поўную справаздачу пра сеткавае асяроддзе: пры адкрыцці ці пераходзе ў фонавы рэжым ён запытвае знешні IP-адрас, ідэнтыфікуе мабільнага аператара, правярае наяўнасць VPN і даступнасць шэрагу рэсурсаў, у тым ліку расійскага партала дзяржпаслуг.

Больш за тое, у праграме знайшлі скрыты канал зандавання (network probing):

  1. Сервер VK адпраўляе на тэлефон зашыфраваны спіс інтэрнэт-адрасоў.
  2. Праграма пачынае самастойна і бясшумна «прастукваць» кожны адрас з атрыманага спісу з прылады карыстальніка.
  3. Вынікі адсылаюцца на сервер trace-flow.ru у сетцы VK. Падчас тэстаў канал запускаўся 19 разоў, а сярод адрасоў быў сэрвіс push-апавяшчэнняў Apple, якога нават не было ў пачатковым кодзе праграмы.

Гэта азначае, што расійскія цэнзары выкарыстоўваюць мільёны тэлефонаў звычайных людзей як схаваных «разведчыкаў», каб у рэальным часе бачыць, які незалежны сайт ці VPN-сэрвіс працуе ў розных аператараў і ў розных рэгіёнах, і хутчэй яго зачыняць.

Max: блакаванне VPN, сачэнне па нумары і зліў адраснай кнігі

Як мінімізаваць рызыкі, калі Max неабходны

Эксперты падкрэсліваюць, што Max нельга выкарыстоўваць для прыватнай ці адчувальнай перапіскі. Калі праграма патрэбная для дзяржпаслуг у Расіі ці сувязі са сваякамі, яны раяць прытрымлівацца наступных правіл:

  1. Ізаляцыя праграмы: Стаўце Max у асобны працоўны профіль Android альбо выкарыстоўвайце для яго асобны «чысты» смартфон.
  2. VPN на роўтары: Max шукае VPN менавіта на смартфоне. Калі VPN настроены на хатнім роўтары, праграма яго не бачыць і не блакуе.

Чытайце таксама:

Месенджар Max стаў самым папулярным у Беларусі? Лухта, і вось чаму

У Крамлі заявілі пра страту інструментаў для прапаганды за мяжой пасля блакіроўкі Telegram

Google Play выдаліў «ВКонтакте» і месенджар Max

Каментары да артыкула