Германія запатрабавала скараціць праект бюджэту ЕС на сотні мільярдаў еўра. З бюджэту ЕС фінансуецца і беларуская культура
У адваротным выпадку яна пры падтрымцы Фінляндыі, Нідэрландаў, Швецыі і Даніі пагражае заблакаваць фінансавы план на бліжэйшыя сем гадоў.
Фота: Thierry Monasse/Getty Images
Канцлер Германіі Фрыдрых Мерц і лідары яшчэ пяці краін Еўрапейскага саюза прыгразілі не падтрымаць наступны сямігадовы бюджэт аб’яднання, калі выдаткі не скароцяць на «сотні мільярдаў» еўра. Пра гэта паведамляе Financial Times якая азнаёмілася з сумесным лістом кіраўнікоў дзяржаў.
Дакумент падпісалі лідары Германіі, Нідэрландаў, Швецыі, Даніі, Аўстрыі і Фінляндыі. Бюджэт ЕС «павінен быць фундаментальна рэфармаваны», а яго ўдзельнікам неабходна «зрабіць выбар», гаворыцца ў лісце.
«Калі бюджэт не будзе скарочаны на сотні мільярдаў, пагаднення сёлета не будзе», — заявіў FT дыпламат адной з краін, якія падпісалі дакумент.
Гэтыя шэсць дзяржаў забяспечваюць каля 40% паступленняў у бюджэт ЕС. Яны патрабуюць істотна паменшыць прапанаваную Еўракамісіяй суму €2 трлн, тлумачачы сваю пазіцыю неабходнасцю стрымліваць дзяржаўныя выдаткі.
Сродкі Еўрасаюза за апошнія гады сталі асноўнай крыніцай фінансавання беларускай культуры, дапамогі рэпрэсаваным у Беларусі і беларускіх СМІ, таму ад структуры і напаўнення бюджэту ЕС залежаць і беларускія нацыянальныя інтарэсы. Таталітарная дыктатура ў Беларусі крымінальна карае любое фінансаванне незалежных ініцыятыў. Гэта зрабіла еўрапейскае фінансаванне «лініяй жыцця» для беларускай мовы, ідэнтычнасці і грамадства. Фактычна, на сёння яны захоўваюцца за кошт падаткаў тых беларусаў, якія жывуць ці працуюць у ЕС.
Найбольшая доля бюджэту Еўрасаюза выдаткоўваецца на выроўніванне ўзроўню развіцця бяднейшых краін ЕС — інвестыцыі ў краіны Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, а таксама на падтрымку сельскай гаспадаркі. Скарачэнне бюджэту саюза можа прывесці да падзення тэмпаў росту эканомікі Польшчы і краін Балтыі.