БЕЛ Ł РУС

Украіна пашкодзіла пяць цэхаў на заводзе па вытворчасці кампанентаў для «Арэшніка» і іншых ракет

28.09.2026 / 17:06

Nashaniva.com

У Растоўскай вобласці ў выніку ўдару Узброеных сіл Украіны па Азоўскім оптыка-механічным заводзе (АОМЗ) у ноч на 26 верасня былі пашкоджаныя пяць вытворчых цэхаў. Разбурэнні зафіксаваныя на спадарожнікавых здымках, піша The Moscow Times.

Фота: t.me/V_Zelenskiy_official

У ліцейным цэху бачныя сляды пажару і значныя пашкоджанні двух будынкаў. У механічным цэху часткова абваліўся дах. Таксама сур'ёзна пацярпелі цэхі, дзе вырабляюць оптыку, зборны і гальванічны цэхі.

Служба бяспекі Украіны пацвердзіла ўдар па АОМЗ. Паводле яе інфармацыі, для атакі выкарыстоўваліся ўкраінскія крылатыя ракеты «Нептун», а таксама рэактыўныя дроны «Рута», «Паляніца» і «Барс».

Завод уваходзіць у карпарацыю «Тактычнае ракетнае ўзбраенне». Паводле расследавання Dallas Analytics, АОМЗ удзельнічае ў вытворчых ланцужках як мінімум сямі расійскіх ракетных праграм. Сярод іх — дальнабойныя ракеты «паветра — паветра» Р-37М, стратэгічныя крылатыя ракеты Х-101 і балістычная ракета «Арэшнік».

Прадпрыемства вырабляе для гэтых і іншых ракет радыёлакацыйныя і інфрачырвоныя галоўкі саманавядзення, блокі аўтаматыкі палёту, кабельныя жгуты, корпусы і камутацыйныя вузлы. Таксама завод выпускае кампаненты для кіраваных авіябомбаў і абсталяванне для аэракасмічнага комплексу.

Сярод спецыялізаванай прадукцыі АОМЗ — навігацыйны лідар «Водбліск» і блок аўтаматыкі палёту для ракеты Х-101. «Водбліск» дазваляе ракеце арыентавацца ва ўмовах падаўлення спадарожнікавага сігналу сродкамі радыёэлектроннай барацьбы, а блок аўтаматыкі кіруе сістэмамі ракеты і яе рулявымі паверхнямі.

З вясны 2022 года АОМЗ знаходзіцца пад санкцыямі ЗША. Абмежаванні супраць прадпрыемства таксама ўвялі Еўрасаюз, Вялікабрытанія, Канада, Японія, Швейцарыя, Аўстралія і Новая Зеландыя.

Чытайце таксама:

Украіна атакавала дронамі Растоўскую вобласць і Краснадарскі край

Украінскі вытворца дронаў Pegasus Arms спыніў працу пасля расійскага ракетнага ўдару

Дрон пацэліў у офісны будынак у Кіеве. Пяцёра загінулых

Расійскі беспілотнік ударыў у Кіеве па будынку Нацыянальнай акадэміі навук

Каментары да артыкула