БЕЛ Ł РУС

Кампанія Disney перазапусціць мультсерыял «Чорны плашч»

25.09.2026 / 15:55

Nashaniva.com

Disney рыхтуе перазапуск папулярнага мультсерыяла пачатку 1990‑х гадоў «Чорны плашч». Новая версія выйдзе на стрымінгавым сэрвісе Disney+ прыкладна праз 35 гадоў пасля прэм’еры арыгінала. Аўтары хочуць захаваць знаёмых герояў і атмасферу класічнага мультсерыяла, але расказаць цалкам новую гісторыю.

Фота: Disney

Паводле сюжэту, Дрэйк Мэлард шмат гадоў правёў у паралельным свеце, дзе ніхто не ведае пра яго мінулае, подзвігі і барацьбу са злачынцамі. Вярнуўшыся ў звыклы свет, ён вымушаны фактычна наноў прызвычаіцца да ўласнай легенды. Яму дапамагае маладая і свавольная Дакі, якая добра ведае гісторыю ягоных прыгодаў і становіцца яго напарніцай.

Героям зноў давядзецца сутыкнуцца з вядомымі прыхільнікам арыгінальнага серыяла зладзеямі, сярод якіх Мегавольт, Негадзюк і іншыя.

Дрэйка Мэларда ў новай версіі будзе агучваць Марк Хэміл, вядомы па ролі Люка Скайуокера ў «Зорных войнах». Сэт Роген стане голасам Зігзага МакКрака і адначасова выканаўчым прадзюсарам праекта. Гуся Мэларда агучыць Лізі Каплан, а Дакі — Лілімар. У агучцы таксама ўдзельнічаюць Дэн Стывенс, Кэтрын Ньютан і іншыя акцёры.

Да працы над праектам далучыўся Тэд Стоўнс, стваральнік арыгінальнага «Чорнага плашча». Ён будзе кансультантам новай версіі, што павінна дапамагчы захаваць сувязь з класічным мультсерыялам.

Вытворчасцю займаецца Disney Television Animation пры ўдзеле Point Grey Pictures, кампаніі, звязанай з Сэтам Рогенам і Эванам Голдбергам. Новы мультсерыял не будзе непасрэдным працягам арыгінальных серый або перазапушчаных у 2017 годзе «Качыных гісторый» — гэта будзе асобная гісторыя.

Арыгінальны «Чорны плашч» выходзіў у 1991—1992 гадах і налічваў 91 эпізод. Пазней герой зноў з'явіўся ў перазапуску «Качыных гісторый». Цяпер Дрэйку Мэларду рыхтуюць новыя прыгоды ў сучасным фармаце для аўдыторыі Disney+.

Чытайце таксама:

«Які ж ён класны!» Мінчукі захапляюцца скульптурай ВАЛЛ-І на запраўцы «Беларуснафты»

«Як прыручыць цмока»: культавы мульт ператварылі ў кіно 

Выйшаў «Ліла і Сціч» — на дзіва кранальны фільм, які выбіўся ў топ па зборах у пракаце

Каментары да артыкула