БЕЛ Ł РУС

Meta выпусціла акуляры без камеры і замену шлемам віртуальнай рэальнасці

25.09.2026 / 06:00

Ідаля Салавей

Кампанія Марка Цукерберга на сваёй штогадовай канферэнцыі Meta Connect паказала лінейку разумных акуляраў новага пакалення. Сярод навінак выратаванне для аматараў прыватнасці — стыльныя акуляры без камеры, а таксама звышлёгкія акуляры віртуальнай рэальнасці, якія могуць канчаткова адправіць на сметнік гісторыі грувасткія шлемы. Пра навінкі піша The Guardian.

На мадэлі — акуляры Ray-Ban Meta Audio AI. Фота: meta.com

Разумныя акуляры часта крытыкуюць: людзі вакол асцерагаюцца, што іх таемна здымаюць на відэа, праз што за такімі дэвайсамі нават замацавалася непрыемная назва «шпіёнскія акуляры».

Больш ніякай параноі

Meta знайшла ідэальны кампраміс і прэзентавала мадэль Ray-Ban Meta Audio AI, у якой камеры няма ўвогуле. Вонкава гэта класічныя і знаёмыя аправы Ray-Ban, але з суперздольнасцямі. У дужкі ўбудаваныя якасныя мікрафоны і дынамікі. З іх дапамогай можна слухаць музыку, адказваць на званкі і размаўляць са штучным інтэлектам-памочнікам.

Акуляры Ray-Ban Meta Audio AI. Фота: meta.com

Паколькі камеры няма, акуляры сталі танчэйшымі, лягчэйшымі, а батарэя цяпер трымае да 12 гадзін. Каштаваць такі гаджэт у Еўропе будзе каля 349 еўра.

А што з класічнымі мадэлямі з камерай?

Для тых, хто ўсё ж хоча здымаць відэа ад першай асобы, Meta выпусціла Ray-Ban Meta Gen 3. Яны працуюць да 9 гадзін на адным зарадзе і атрымалі падтрымку аб’ёмнага гуку Dolby Atmos. Анансаваны кошт навінкі складае 449 еўра.

Асобную ўвагу распрацоўшчыкі надалі прыватнасці мінакоў: раней аматары схаванай здымкі часта заляплялі чорнай стужкай ці замазвалі маркерам святлодыёд, які абавязкова свеціцца падчас запісу відэа.

У новым пакаленні гэтую хітрасць абысці ўжо не атрымаецца — у аправу ўбудавалі датчыкі, якія адсочваюць стан індыкатара. Калі аганёк нешта закрывае або яго спрабуюць адключыць праграмна, акуляры проста спыняюць здымку і блакуюць камеру.

Акрамя таго, Meta пашырае геаграфію продажаў сваёй топавай версіі Ray-Ban Display з убудаваным у правае шкло мікраэкранам: у кастрычніку яна паступіць на рынкі Францыі, Германіі і Італіі па цане 899 еўра.

Акуляры віртуальнай рэальнасці

Але галоўнай сенсацыяй сталі новыя VR-акуляры ад Meta, якія павінны замяніць папулярныя, але масіўныя шлемы сямейства Quest.

Распрацоўшчыкам удалося змясціць магчымасці паўнавартаснага шлема ў корпус аправы з магніевага сплаву вагой усяго 100 грамаў, што ў пяць разоў лягчэй за Quest 3. Каб не нагружаць галаву, асноўны працэсар і батарэю на тры гадзіны працы вынеслі ў асобны кішэнны 300‑грамовы блок, злучаны з аправай тонкім дротам.

Акуляры Meta VR. Фота: meta.com

Прылада абсталяваная дысплеямі 5K microOLED з высокай шчыльнасцю пікселяў, што забяспечвае выразны паказ тэксту і дробных дэталяў, робячы якасць малюнка параўнальнай з Apple Vision Pro.

Асноўны акцэнт у гэтых акулярах зроблены не столькі на гульнях, колькі на праглядзе кантэнту і паўсядзённай працы. Дэвайс дазваляе глядзець 3D-фільмы ў фірмовым фармаце IMAX Enhanced — з пашыраным кадрам і аб'ёмным гукам, ствараючы эфект сапраўднага кінатэатра. Для працы акуляры можна падключыць да камп'ютараў на базе Mac або Windows і разгарнуць перад вачыма адразу некалькі віртуальных экранаў.

Так выглядае праца ў акулярах віртуальнай рэальнасці ад Meta. Фота: meta.com

Віртуальную клавіятуру пры гэтым можна праецыраваць непасрэдна на стол ці іншую роўную паверхню, а само кіраванне інтэрфейсам ажыццяўляецца з дапамогай адсочвання позірку і жэстаў рук.

Праўда, тэхналогію давядзецца пачакаць. Meta плануе запусціць VR-акуляры ў продаж толькі вясной 2027 года па цане $1299,99.

Чытайце таксама:

Apple набыла сакрэтную ізраільскую тэхналогію счытвання мімікі

Брытанскія кінатэатры абмяжоўваюць выкарыстанне разумных акуляраў, баючыся пірацтва

Кампанія Meta прэзентавала разумныя акуляры за 799 даляраў

Расійскія шпіёны сачылі за Грозевым з дапамогай шпіёнскіх акуляраў. Вось як гэта было

Каментары да артыкула