Машыну і абраз ксяндза Акалатовіча прадаць не ўдалося. На таргі ніхто не прыйшоў
Чарговыя аўкцыёны па продажы арыштаванай маёмасці ксяндза Генрыха Акалатовіча не адбыліся, бо на іх не прыйшоў ніводны ўдзельнік, звярнула ўвагу «Хрысціянская візія».
Не знайшлося купца ні на Volkswagen Transporter 2007 года выпуску з пачатковай цаной 16 860 рублёў, ні на абраз XVIII стагоддзя «Уваскрасенне Хрыста з труны», які пасля папярэдняй няўдалай спробы выставілі на продаж ужо за 2 400 рублёў.
Цяпер пляцоўка «БелЮрЗабеспячэнне» прапануе спагнанніку забраць нерэалізаваную маёмасць сабе ў лік пагашэння запазычанасці па выканаўчай вытворчасці.
Гэта ўжо не першая спроба беларускіх уладаў прадаць маёмасць святара. Раней з аўкцыёну пайшлі ягоныя старыя абразы — іх набыў адзіны зарэгістраваны ўдзельнік. А вось зямельны ўчастак у Баранавіцкім раёне прадаць не ўдалося. Аўтамабілі Акалатовіча таксама раней выстаўляліся на таргі.
Сам Генрых Акалатовіч быў арыштаваны 16 лістапада 2023 года і асуджаны на 11 гадоў калоніі паводле абвінавачання ў «здрадзе дзяржаве». У лістападзе 2025 года яго вызвалілі пасля памілавання, пасля чаго ён разам з іншым каталіцкім святаром Анджэем Юхневічам выехаў у Рым.
Чытайце таксама:
Знайшоўся купец на тры абразы ксяндза Генрыха Акалатовіча
Што адбываецца з вызваленымі каталіцкімі святарамі і чаму яны маўчаць
З «памілаванага» ксяндза Генрыха Акалатовіча хочуць спагнаць вялізны штраф