У Францыі затрымалі фуру з буйным грузам «вясёлага газу». За рулём быў беларус
У французскім рэгіёне Аксітанія мытнікі канфіскавалі амаль 30 тон закісу азоту, вядомага як «вясёлы газ». Гэта адна з найбуйнейшых канфіскацый такога рэчыва ў Францыі, паведамляе сайт «Беларусь и мир».
Здымак ілюстрацыйны. Фота: facebook.com/gendarmerienationale
14 верасня на пункце збору платы за праезд Мантабан-Нор у дэпартаменце Тарн і Гарона французскія мытнікі спынілі грузавік літоўскай кампаніі, які ехаў з Барселоны ў Парыж. За рулём знаходзіўся 32‑гадовы грамадзянін Беларусі.
Падчас праверкі ў грузавіку знайшлі незвычайны груз — каля 13 тон балонаў з закісам азоту. Яны былі размешчаныя на 14 палетах, абцягнутых тэрмаўсаджвальнай плёнкай.
Працяг расследавання прывёў праваахоўнікаў на склад у Л’Іль-Журдэне ў дэпартаменце Жэр. Там знайшлі яшчэ каля 17 тон закісу азоту, размешчаных на 18 палетах.
У выніку было канфіскавана каля 6000 балонаў агульнай вагой 29 тон. Кошт грузу ацанілі прыкладна ў 665 тысяч еўра.
Беларускага кіроўцу затрымалі, даставілі ў суд у Бардо і ўзялі пад варту. Супраць яго распачалі разбіральніцтва. Следства мяркуе, што мужчына мог быць толькі часткай большай схемы, якой займалася група людзей.
Сярод выстаўленых абвінавачанняў — удзел у злачыннай змове, незаконная перавозка рэчываў, выкананне незадэклараванай працы і адмыванне грошай. Следчыя цяпер спрабуюць высветліць структуру, якая стаяла за маштабным увозам закісу азоту, а таксама вызначыць арганізатараў і іншых удзельнікаў схемы.
Паведамляецца, што ў лютым 2026 года ў Нарбоне ў тым жа рэгіёне французскія праваахоўнікі ўжо затрымлівалі літоўскі грузавік з беларускім кіроўцам. Тады ў ім знайшлі каля 7,2 тоны закісу азоту.
Закіс азоту легальна выкарыстоўваецца ў медыцыне і харчовай прамысловасці, аднак продаж рэчыва прыватным асобам у многіх краінах абмежаваны або забаронены. Некантраляванае ўдыханне можа прывесці да парушэння сардэчнага рытму, абцяжарвання дыхання, парушэння кровазвароту, таксічнага ап’янення, асфіксіі і смерці.
У Францыі ў апошнія гады шырокае нелегальнае ўжыванне «вясёлага газу», асабліва сярод падлеткаў, стала сур’ёзнай праблемай. Продаж закісу азоту фізічным асобам там ужо абмежаваны. З 1 лютага 2027 года яго продаж плануюць цалкам забараніць, а за ўдыханне рэчыва будзе прадугледжвацца пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да аднаго года.
Чытайце таксама:
ЕС разглядае абмежаванні на выкарыстанне сацыяльных сетак дзецьмі
Сляды на старажытных зубах істотна адсунулі пачатак гісторыі ўжывання людзьмі наркатычных рэчываў
Беларуска ездзіла па Чарнагорыі адразу пад пяццю наркотыкамі