БЕЛ Ł РУС

Былому гендырэктару Гродзенскага мясакамбіната далі сем гадоў калоніі

23.09.2026 / 11:37

Nashaniva.com

Былога дырэктара Гродзенскага мясакамбіната Алега Іванова звольнілі з пасады дырэктара прадпрыемства і датэрмінова прыбралі з сенатараў у кастрычніку мінулага года. 

Іванова абвінавацілі ў атрыманні хабараў у буйной і асабліва буйной сумах. Сцвярджалася, што з ліпеня 2019 да мая 2025 года ён атрымаў ад пяці кампаній грошы і крыптавалюту на агульную суму 1,8 мільёна рублёў.

Незаконныя ўзнагароджанні пералічваліся на рахункі і кашалькі яго дачкі, якая не ведала пра злачыннае паходжанне сродкаў. За гэта дырэктар забяспечваў закупку харчовых дабавак у патрэбных пастаўшчыкоў.

Цяпер стаў вядомы прысуд. Вярхоўны суд Беларусі даў былому дырэктару мясакамбіната сем гадоў пазбаўлення волі, а таксама штраф — 5000 базавых адзінак, ці 225 тысяч рублёў, паведаміла Генпракуратура.

Сказана, што Іваноў добраахвотна выплаціў злачынны прыбытак і выканаў іншыя абавязацельствы па дасудовай дамове аб супрацоўніцтве.

Былому сенатару таксама на пяць гадоў забаранілі займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула