БЕЛ Ł РУС

Да прыходу еўрапейцаў у Аўстраліі магло жыць нашмат больш людзей, чым лічылася. Потым зніклі 93%

22.09.2026 / 15:58

Ідаля Салавей

Навукоўцы паспрабавалі высветліць, колькі карэнных жыхароў насяляла Аўстралію да пачатку брытанскай каланізацыі. Вынік істотна змяняе ўяўленне пра маштаб дэмаграфічнай катастрофы, якая адбылася пасля прыходу еўрапейцаў.

Прадстаўнік карэнных народаў Аўстраліі. Фота: Getty Images

У студзені 1788 года ў бухту каля сучаснага Сіднэя ўвайшлі караблі брытанскага Першага флоту. На іх прыплылі больш за тысячу чалавек, у тым ліку асуджаныя, якіх мелі пасяліць у новай калоніі.

Аўстралія не была незаселенай зямлёй. Карэнныя народы жылі на кантыненце дзясяткі тысяч гадоў. Іх супольнасці былі раскіданыя па велізарнай тэрыторыі, мелі ўласныя мовы, традыцыі і лад жыцця.

З пачаткам каланізацыі жыццё карэнных народаў Аўстраліі рэзка змянілася, а іх колькасць пачала імкліва скарачацца. У 1930‑я гады антраполаг Альфрэд Рэдкліф-Браўн ацаніў іх колькасць як мінімум у 250 тысяч чалавек, хоць сам лічыў гэтую лічбу, хутчэй за ўсё, заніжанай. Пазней з'яўляліся і больш высокія ацэнкі, але яны не перавышалі мільёна чалавек.

Цяпер група аўстралійскіх навукоўцаў паспрабавала зрабіць новую ацэнку. Іх даследаванне апублікавана ў часопісе Nature Human Behaviour. На яго вынікі звяртае ўвагу Tagesspiegel.

Як палічыць людзей, якіх ніхто не палічыў

Даследчыкі выкарысталі некалькі незалежных метадаў.

Спачатку яны звярнуліся да археалагічных звестак. Навукоўцы прааналізавалі больш за пяць тысяч знаходак і слядоў чалавечай дзейнасці, узрост якіх быў вызначаны радыёвугляродным метадам. Гэта дапамагло прасачыць, як з цягам часу змянялася колькасць насельніцтва на кантыненце.

Асобную ацэнку атрымалі на аснове генетычных звестак. Яны дазваляюць рэканструяваць, як змянялася колькасць насельніцтва ў далёкім мінулым.

Нарэшце, навукоўцы змадэлявалі, колькі людзей маглі пракарміць розныя рэгіёны Аўстраліі з улікам мясцовых прыродных умоў і даступных рэсурсаў.

Нягледзячы на розныя падыходы, атрыманыя вынікі ў значнай ступені супалі.

Людзей магло быць больш за два мільёны

Паводле новых разлікаў, напярэдадні брытанскай каланізацыі ў Аўстраліі магло жыць каля 2,22 мільёна карэнных жыхароў, або 0,29 чалавека на квадратны кіламетр. Гэта больш як удвая перавышае нават самыя высокія з ранейшых ацэнак.

Large estimated size of the Australian Indigenous population before its extensive decline following colonial invasion https://t.co/MGXKwqRHE7 pic.twitter.com/f5XSQvps2A

— Nature Human Behaviour (@NatureHumBehav) September 15, 2026

Новая лічба дазваляе больш дакладна ацаніць маштаб наступнага скарачэння карэннага насельніцтва. Да 1861 года яно налічвала ўжо толькі каля 155 тысяч чалавек, або 7% ад узроўню 1788 года.

Такое рэзкае скарачэнне мела некалькі прычын. Адной з галоўных сталі хваробы, завезеныя еўрапейцамі. Сярод іншых прычын былі гвалт, у тым ліку масавыя забойствы, а таксама выцясненне карэнных жыхароў з іх зямель.

Страта тэрыторый, на якіх традыцыйна жылі карэнныя народы, разбурала іх звыклы лад жыцця. Супольнасці пазбаўляліся паляўнічых угоддзяў і маршрутаў перамяшчэння, што ў некаторых выпадках прыводзіла да недахопу ежы.

З сярэдзіны XX стагоддзя колькасць карэнных жыхароў Аўстраліі пачала аднаўляцца. Паводле перапісу 2021 года, у краіне налічвалася каля 813 тысяч абарыгенаў і жыхароў астравоў праліва Тэрэса.

Гэта каля 37% ад ацэненай даследчыкамі колькасці напярэдадні каланізацыі. Калі цяперашняя тэндэнцыя захаваецца, паводле іх разлікаў, прыкладна ў 2047 годзе гэты паказчык можа зноў дасягнуць узроўню канца XVIII стагоддзя.

Аўтары даследавання лічаць, што новая ацэнка дапаможа лепш зразумець маштаб наступстваў каланізацыі, якія адбіваюцца на карэнных народах Аўстраліі дагэтуль.

Чытайце таксама:

Забіваў кракадзілаў і дзікоў голымі рукамі: у Аўстраліі памёр пустэльнік Міхаіл Фаменка, які пражыў у лесе 60 гадоў

Беларускі айцішнік пераехаў у Аўстралію і трапіў пад скарачэнні. І задаўся адвечным пытаннем «Што рабіць»?

«Першыя гады чатыры было класна». Сеньёр, ужо грамадзянін Аўстраліі, расказаў, як там з айцішкай і павукамі

Каментары да артыкула