БЕЛ Ł РУС

Школе ў Навагрудку прысвоілі імя Язэпа Драздовіча

19.09.2026 / 23:34

Nashaniva.com

Сярэдняй школе № 7 у Навагрудку прысвоілі імя вядомага беларускага мастака Язэпа Драздовіча. Урачыстае мерапрыемства з гэтай нагоды адбылося 17 верасня, піша мясцовая раёнка «Новае жыццё».

Алена Казак на фоне партрэта Язэпа Драздовіча. Фота: «Новае жыццё»

Як расказала дырэктарка школы Алена Казак, дамагчыся прысваення навучальнай установе імя мастака было няпроста. Паколькі ў Язэпа Драздовіча не было дзяцей, знайсці яго нашчадкаў аказалася складана, а без іх згоды прысвойваць імёны аб'ектам нібыта нельга.

Супрацоўнікі Мастацка-этнаграфічнага музея імя Драздовіча ў Шаркаўшчынскім раёне дапамаглі высветліць, што ў мастака ёсць далёкі сваяк, які працуе ў Глыбоцкім лясніцтве. Дырэктарка знайшла яго і атрымала згоду на тое, каб школе прысвоілі імя Драздовіча.

Язэп Драздовіч (1888-1954) быў мастаком, этнографам і пісьменнікам. Ён нарадзіўся ў вёсцы Пунькі цяперашняга Глыбоцкага раёна, вучыўся ў Віленскай рысавальнай школе, шмат падарожнічаў па Беларусі, замалёўваў архітэктуру, побыт і краявіды.

У 1927—1929 гадах Язэп Драздовіч выкладаў маляванне ў Навагрудскай беларускай гімназіі. Акрамя таго, ён стварыў цыкл работ, прысвечаных Навагрудчыне.

Асаблівае месца ў яго творчай спадчыне займаюць фантастычныя карціны, прысвечаныя космасу і планетам. 

Чытайце таксама:

Знайшоўся невядомы твор Язэпа Драздовіча

На Глыбоччыне выпадкова адшукалі яшчэ адну працу Язэпа Драздовіча

Выйшла кніга, якая апавядае пра беларускіх мастакоў праз казкі

«Крумкачы» прэзентавалі форму з карцінай Драздовіча

Каментары да артыкула