Мужчыну з-пад Жлобіна, які жыў у Расіі, асудзілі за палітыку і інтым з непаўналетняй асобай
38‑гадовы Сяргей Костка шмат гадоў жыў у Падмаскоўі. Але нядаўна яго асудзілі ў Беларусі. Гомельскі абласны суд вынес яму прысуд па цэлым шэрагу цяжкіх артыкулаў, сярод якіх не толькі палітычныя.
Сяргей Костка. Фота з ягонай старонкі Укантакце
Сяргей Костка нарадзіўся ў 1988 годзе ў аграгарадку Красны Бераг Жлобінскага раёна. Апошнія гады ён жыў у Расіі. Быў актыўным карыстальнікам расійскіх «Дзяржпаслуг», сэрвісаў «Авіта» і СДЭК, замаўляў тавары на адрас у горадзе Істра Маскоўскай вобласці.
У верасні 2026 года імя 38‑гадовага Косткі з'явілася ў абноўленым пераліку «асоб, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці». Згодна з інфармацыяй сілавікоў, Гомельскі абласны суд прызнаў яго вінаватым па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса. Адзін з іх — гэта палітычная частка 1 артыкула 361‑4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Звычайна па ім судзяць за перадачу інфармацыі і фотаздымкаў праваабаронцам ці журналістам.
Аднак мужчыну выставілі не толькі палітычныя абвінавачванні. Костку асудзілі яшчэ і па пакеце сэксуальных злачынстваў — гэта палавыя зносіны з асобай, якая не дасягнула 16‑гадовага ўзросту (ч. 1 арт. 168), выраб і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў з удзелам непаўналетніх (ч. 2 арт. 343-1) і ўцягненне непаўналетніх у здзяйсненне злачынства (ч. 3 арт. 172).
Цяпер Костка адбывае пакаранне. Дакладныя дэталі таго, як крымінальная справа за сэксуальныя злачынствы пераплялася з пераследам за палітыку, застаюцца невядомымі. Ці то да Косткі прыйшлі за Гаюн ці нешта падобнае, а ў мабільніку знайшлі порна. Ці то яго арыштавалі за сэксуальныя адносіны, але адшукалася і нейкае адно паведамленне ў «экстрэмісцкія» каналы.
Невядома і тое, ці быў Костка экстрадаваны з Расіі.
Самым цяжкім з інкрымінаваных яму злачынстваў лічыцца ўцягненне непаўналетняга ў здзяйсненне злачынства. Тут Костка мог атрымаць ад 5 да 8 гадоў калоніі.
Чытайце таксама:
На Міншчыне завялі крыміналку на бацьку, які гвалціў дачку 20 гадоў таму
У Віцебску педафіл выкінуў 14‑гадовую дзяўчыну з балкона. Злачынцу дапамаглі выкрыць навукоўцы